Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 14

Эдит Несбит

Мне было аб чым паразважаць там, у глыбiнi, — мозг працаваў як нiколi, можаш паверыць. Але час iшоў, вакол зусiм нiчога не мянялася, i я патроху пачаў думаць, што было б цiкава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю i рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.

Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявiд прыгожы. Дый людзi, з першага погляду, неблагiя (блiзка я, праўда, з iмi яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, вiдаць, тут i асяду, — скончыў цмок свой расказ.

— А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? — папытаўся хлопчык. — Мне гэта вельмi цiкава.

Цмок крыху пачырванеў i пачаў уважлiва разглядаць зорнае неба. Потым сарамлiва прамовiў:

— Скажы, а ты нiколi — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пiсаць вершы?

Хлопчык усмiхнуўся:

— Ну, безумоўна, я пiсаў вершы, i сякiя-такiя, на мой погляд, былi вельмi неблагiя, але ведаеш, нiхто з маiх паэзiяй асаблiва не цiкавiцца. Мацi заўсёды ўважлiва слухае, калi я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк… Ну, не зусiм…

— Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок. — Вось тое самае i са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробiш?! Але ж ты — ты iншы, я тваю адукаванасць i выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёмiлiся. I я вельмi хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякiх-такiх невялiчкiх твораў, якiя самi прыйшлi мне ў галаву, калi я сядзеў унiзе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёмiлiся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што i iншыя суседзi такiя ж мiлыя i выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмi прыстойнага джэнтльмена, але ён, вiдаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.

— Гэта быў мой бацька, — растлумачыў хлопчык, — ён сапраўды добры. Калi хочаш, я калi-небудзь вас пазнаёмлю.

— Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок. Вядома, калi вы нiчым не занятыя, — дадаў ён ветлiва.

— Дзякуй за запрашэнне, — усмiхнуўся хлопчык. — Але, ведаеш, мы з бацькам нiколi не ходзiм у госцi без мацi, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставiцца да цябе. Што нi кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калi ты кажаш, што збiраешся тут асесцi ды цiкавiшся суседзямi, дык баюся, ты не зусiм уяўляеш сваё становiшча. Ты ж вораг роду чалавечага!

— Нiчога падобнага! Ды ў мяне ва ўсiм свеце нiводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такiх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы другiм, дык i сам iхнiя вершы заўсёды гатовы паслухаць! Чаго яшчэ ад мяне можна патрабаваць?

— О, Божа! — уздыхнуў хлопчык. — Ну зрабi ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькi людзi даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамi, дзiдамi ды лукамi. Яны палiчаць, што ты мусiш быць знiшчаны. Бо ты для iх — кара Божая, брыдкi яшчар, агiдны монстр, жахлiвая пачвара!