Читать «Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi» онлайн - страница 18
Эдит Несбит
— Святы Георг, можна мне ўвайсцi? — ветлiва запытаў хлопчык, спынiўшыся ля дзвярэй. — Я хацеў бы паведамiць табе сёе-тое пра цмока. Вядома, калi гэтая тэма табе яшчэ не надта надакучыла.
— Заходзь, заходзь, мiлы хлопчык, — прыязна прамовiў Святы Георг. — Яшчэ адна сумная гiсторыя, так я разумею? Жахлiвы яшчар пакiнуў цябе сiрацiнаю? Цi, можа, ты аплакваеш сястру цi брата? Суцешся. Хутка ён сплацiць за ўсе крыўды сваёю крывёй. Клянуся, я адпомшчу за нявiнныя ахвяры!
— Ды нiчога такога, — пачаў хлопчык. — Проста адбылося пэўнае непаразуменне, i я зараз усё табе растлумачу. Рэч у тым, што гэта — добры цмок.
— Але, але, — усмiхнуўся Святы Георг, — я цудоўна разумею. Добры цмок. Прыемна чуць, што вораг варты маёй зброi, што гэта не нейкi там ледзь жывы прадстаўнiк гэтай шкоднай пароды.
— Ды я ж кажу, што ён зусiм не шкодны! — узрушана крыкнуў хлопчык. — Божа, як людзi дурнеюць, забiваючы сабе галаву немаведама чым i не жадаючы думаць! Калi я кажу, што гэта добры цмок, дык маю на ўвазе менавiта, што ён добры! Гэты цмок — мой сябар, ён расказвае мне найцудоўнейшыя гiсторыi пра тыя даўнiя часы, калi ён яшчэ сам быў маленькi. Ён такi добры, што з iм пасябравала нават мая мацi, i яна гатовая дзеля яго на ўсё. I бацька палюбiў яго, хоць бацька ў мяне не надта цямiць у мастацтве ды паэзii i заўсёды засынае, калi цмок пачынае разважаць пра стыль. Сустрэўшыся з iм, проста немагчыма яго не палюбiць! Ён такi чароўны, ды яшчэ такi даверлiвы i просты — як дзiця!
— Вазьмi крэсла i сядай блiжэй, — сказаў Святы Георг. — Добра, што ты так абараняеш свайго сябра, i, вiдаць, у цмока ёсць пэўныя добрыя якасцi, iначай у яго не было б такога сябра, як ты. Але ж пытанне зусiм не ў гэтым! Цэлы дзень з невыносным жалем i гневам я выслухоўваў поўныя слёз i смутку расказы пра забойствы, крадзяжы ды пажары. Можа, яны былi занадта эмацыянальныя i не заўсёды вельмi пераканаўчыя, але агульная карцiна злачынстваў ясная. Гiсторыя вучыць нас, мiлы хлопчык, што шмат хто з сама адпетых злачынцаў падаваўся чароўным сваiм крэўным i блiзкiм. Таму я лiчу, што твой выхаваны i адукаваны сябар, не зважаючы на яго добрыя якасцi (якiя заслужана выклiкаюць тваю павагу i захапленне), павiнен быць знiшчаны як мага хутчэй.
— Дык ты паверыў усiм гэтым байкам?! — расхваляваўся хлопчык. — Ну, вядома ж, ты тут чужынец i не ведаеш, што нашая вёска па ўсёй акрузе знакамiтая сваiмi выдумшчыкамi. А сказаць табе, што для iх сама галоўнае, без чаго яны жыць не могуць? Бойка! Хлебам iх не кармi — падавай бойку! Усё роўна якую: сабакi — добра, пеўнi — добра, цмокi — яшчэ лепш! Мiж iншым, нават цяпер у стайнi яны трымаюць нi ў чым не вiнаватага барсука. Яны збiралiся пазабавiцца з iм сёння ўвечары, але з'явiўся ты — яшчэ лепшая забава! Я ўпэўнены, што яны наўзахапкi пераконвалi цябе, што ты герой, што ты абавязкова пераможаш цмока, таму што будзеш змагацца за добрую справу. Цi не так? Але якраз у гэтую хвiлiну яны б'юцца аб заклад i ставяць шэсць супраць чатырох на карысць цмока!
— Шэсць супраць чатырох на карысць цмока! — сумна прамармытаў Святы Георг i паклаў галаву на рукi. — Так, свет поўны зла, i часам падаецца, што яно iснуе само па сабе i зусiм не заўсёды мае дачыненне да цмокаў. I ўсё ж, Святы Георг насцярожана падняў галаву, — можа, каварная iстота цябе сюды паслала з тайным намерам абялiць сябе? А можа, там, у яго пячоры бруднай, прынцэса слёзы лье ў пакутах?