Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 168

Юрий Аркадьевич Татаринов

— Я… знікаю… — змог толькі вымавіць ён.

Доўга яшчэ не магла панначка зразумець, што ён — мёртвы. Усведамленне гэтага прывяло яе да дзіўнага здранцвення. Ёй здалося, што памярцвела частка яе самой: яна не магла гаварыць, не магла плакаць. Яна адчувала толькі цяжар у целе і яшчэ — немагчымасць разважаць. Доўга стаяла яна на каленях перад трупам любага ёй чалавека і маўчала. Розум адказваў ёй служыць. Яна азірнулася на Люцыю, паглядзела на дружыннікаў. Яе позірк, здавалася, пытаўся: хто вы і навошта вы тут? Адчуўшы цяжкі стан пані, Люцыя моцна абняла яе. Магчыма, менавіта гэта і выратавала панначку ад сапраўднага вар'яцтва. Затым яна ўзнялася і выйшла на вуліцу, моўчкі стаяла і бессэнсоўна глядзела на дзверы каплічкі. Яна як быццам разважала, што ёй рабіць і куды падзецца. Люцыя клапатліва падтрымлівала яе…

Капітан варты распарадзіўся, каб падрыхтавалі ямы. Каля старых крыжоў адразу ж знайшлі месца. Застукалі лапаты…

Даволі хутка на старых могілках з'явіліся дзве неглыбокія ямы. Нейкі час панначка глядзела на тое, што рабілася вакол яе, спакойна. Але калі дзве труны сталі апускаць у ямы, яна сарвалася з месца і, звесіўшыся над магілаю любага, закрычала:

— І мяне разам з ім! І мяне!..

Ахоўнікі ледзь адцягнулі яе. Пакуль двое трымалі панначку, астатнія паспешліва засыпалі ямы зямлёй. Неўзабаве над магіламі выраслі два ўзгорачкі, над кожным паставілі зробленыя наспех крыжы. Толькі пасля гэтага панна Марыя прыціхла. Схіліўшыся на каленях перад крыжамі, яна пачала чытаць малітву, знаёмую яшчэ з дзяцінства:

— Дапамажы мне, Госпадзі Божа мой. Скіруй мяне на ісціну тваю і навучы мяне, бо ты Бог паратунку майго; на цябе спадзяюся кожны дзень.

Яна чытала малітву і кланялася да зямлі. А скончыўшы яе, паўтарала ўсё ізноў. Так яна малілася да таго часу, пакуль Люцыя і капітан варты не дапамаглі ёй падняцца. Яны павялі яе ў замак.

Блакітнае неба, сонца, зацягнутыя льдом бліскучыя лужыны ў парку, разнаколернае лісце пад нагамі — усё гэта бачылася панне Марыі ненатуральным, неверагодным. Якія адносіны магла мець смерць да такога пагодлівага дня? Яе ўсведамленне, якое адказвала ёй служыць, збівалася на гэтае абстрактнае пытанне. І гэта ў нейкай ступені супакойвала яе. Яна прайшла праз увесь парк — новы і стары — і, працягваючы здзіўляцца акаляючай яе прыгажосці, як быццам забылася пра тое, што бачыла на Паповай горцы.

Вярнуўшыся да сябе, яна адчула недамаганне. Дало сябе знаць нервовае ўзрушэнне і працяглае знаходжанне на холадзе. А ўначы ў яе пачалася гарачка. Пасля гэтага яна зусім страціла здольнасць разумна разважаць. Павінна было прайсці некалькі дзён, каб яна магла ўсвядоміць, што менавіта адбылося на Паповай горцы.

XV

Нервовае ўзрушэнне і хваробы, якія наваліліся на бедную панну Марыю, паскорылі яе роды. Ужо праз некалькі дзён пасля апошніх падзей на Паповай горцы ў яе пачаліся схваткі. У доктара Гюльсгаўзена дабавілася клопатаў.