Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 110

Юрий Аркадьевич Татаринов

Няшчасная панна Марыя, бледная, страціўшы голас і здольнасць разумець, дзе яна і што з ёй, не магла нават зварухнуцца з месца. Яна знаходзілася ў тым напаўзабытым стане, калі ўжо няма сілы змагацца і калі хочацца толькі аднаго: каб хутчэй скончыўся ўвесь гэты кашмар. Яе ванітавала ад страху і агіды.

Агнешка нарэшце прыйшла ў сябе. Яна паднялася і, хістаючыся, пайшла ў пакой сваёй пані. На парозе яна прыпынілася. Убачыўшы нямую сцэну, служанка прыйшла ў лютасць.

— Пайшоў! — закрычала яна не сваім голасам. — Прэч! — І кінулася на князя.

Іржык лёгка, адным рухам пляча, паваліў яе на падлогу. Але Агнешка не думала здавацца. Як курыца аберагае сваіх куранят, забываючы аб сабе, так і яна, рашуча і з лютасцю заступілася за панначку. Некалькі разоў Іржык адпіхваў яе. Служанка хапала яго за валасы, лупіла далонню па спіне, плячах, спрабуючы справадзіць нязванага госця.

Барацьба адцягвала ўвагу Іржыка, збівала яго пажадлівасць. Ён, нарэшце, адступіў. Азіраючыся навокал, нібы звярок, які трапіў у пастку, ён, падцягваючы, як шымпанзэ, свае ногі, няспешна папоўз да каляскі. Падцягнуўшыся на руках, ён лёгка залез на сядзенне і развярнуўся.

— Прэч! Прэч! — па-ранейшаму гнала яго Агнешка, быццам гэта быў не чалавек, а воўк, які прывалокся на двор.

Іржык нешта бурчаў і, азіраючыся, пакаціў прэч…

Агнешка праводзіла яго да самага калідора. Потым заперла дзверы і вярнулася.

Няшчасная панна Марыя стаяла ў кутку ўсё ў той жа паставе. Рукі яе былі сагнутыя ў локцях і прыціснуты да грудзей. Агнешку напалохаў яе выраз — на твары панны Марыі чыталася адлучанасць.

— Панначка! — ускрыкнула служанка і кінулася да яе. — Не трэба так! Не трэба! Усё скончылася! Ён пайшоў!.. Паглядзіце на мяне! Ён пайшоў!

Яна раптам разрыдалася, як дзіця. Але панна Марыя не адрэагавала на гэта. Яна стаяла і здзіўлена глядзела кудысьці перад сабой — у чорны прамавугольнік акна. Здавалася, ёю авалодала нейкая неверагодная думка. Агнешка абняла яе і пачала цалаваць у шчокі, у вочы, у лоб. Ласкаю яна спрабавала абудзіць у пані замерлыя пачуцці. Нарэшце яна свайго дасягнула. У панны Марыі пабеглі слёзы. Спачатку выкацілася адна вялікая сляза. За ёю паліліся другія. Кап-кап-кап — цяклі яны ручайком па яе шчоках. Панначка захлопала вейкамі. У той жа час да яе вярнуўся голас. Яна зарыдала.

— Божа, — вырвалася ў яе, — за што ты гневаешся на мяне? За што? У чым мой грэх? Ці я не верная твая раба?!. Навошта пасылаеш на мяне гэта выпрабаванне? Божа, злітуйся! Не гневайся на мяне! Прабач!

Ёй захацелася сесці. І Агнешка дапамагла ёй. Абедзве ўселіся прама на падлозе. Служанка абняла пані, прыціснулася шчакой да яе падбародка.

— Нічога, панначка, усё прайшло, усё добра. Мы больш нікога ніколі не пусцім сюды… Усё прайшло. Усё прайшло… Вы — самая харошая, самая добрая. Больш ніхто і ніколі не пасмее вас пакрыўдзіць. Паплачце, панначка. Паплачце…