Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 108

Юрий Аркадьевич Татаринов

XX

Даўгарукі, каратканогі, з маленькай стрыжанай галавою і вялікімі вушамі, якія тырчалі ў розныя бакі, князь Іржык нагадваў шымпанзэ. У круглых чорных вочках яго ўсё часцей стала свяціцца пачуццё радаснага ўзбуджэння, як у дзіцяці, якое толькі што разгулялася. Ён быў вельмі рухавы, хоць з выгляду і нязграбны. Яго непаседлівасць не мела межаў: то яго цягнула на паляванне, то — пакатацца на паруснай лодцы. Начамі ён спаў усяго па дзве-тры гадзіны. Небарака Дземянцей так вымотваўся за дзень, што нават стагнаў у сне…

У тую ноч, пасля выпадку ў парку, Іржык зусім не мог заснуць. Ноч была душная. З акна, як з печы, павявала гарачынёю. На вуліцы гучна стракаталі конікі, крычалі совы. Здавалася, прырода не збіралася спаць аж да раніцы. Паніча цягнула да панны Марыі. Ён ляжаў на ложку і млеў ад жаданняў. Колькі не хапала ў яго разумнага, столькі, нават з лішкам, было плоцкага. Грэшны інстынкт даводзіў яго да галюцынацый. Аднойчы дакрануўшыся да панны Марыі, адчуўшы ўпругасць яе цела, ён ні аб чым, акрамя як аб жаданні паўтарыць гэты дотык, цяпер не думаў. Ён ляжаў у ложку і ўспамінаў да дробязей дэталі сустрэчы ў парку. Ён успамінаў, якой лёгкай, амаль бязважкай, паказалася яму панначка; успомніў яе румянец, яе светлыя валасы, арамат якіх ён адчуваў да гэтага часу. Пажадлівасць мучыла яго. Нарэшце ён саскочыў на падлогу, прыгнуў у сваю каляску і, як быў, у сподняй бялізне, пакаціў вон са спальні. Моцна заснуўшы, Дземянцей не пачуў шуму колаў…

Іржык даўно выглядзеў пакой панначкі. Ён не мог не разумець, што панна Марыя — даволі дарагая «штучка» і што не так проста, аднымі капрызамі, яму яе дамагчыся. Але, не здольны валодаць сабою, яго міжволі па-ранейшаму цягнула да яе… Стараючыся як мага менш шумець, ён праехаў па замкавым калідоры і неўзабаве апынуўся каля дзвярэй панначкі. З асцярожнасцю, на якую толькі быў здольны, ён пацягнуў за ручку. Дзверы былі зачынены. Гэта акалічнасць раззлавала Іржыка. Намагаючыся, ён штурхануў дзверы. Але яны не паддаліся. І тады нецярплівы Дон Жуан саскочыў з каляскі і прыняўся высаджваць яе плячом…

Панна Марыя прачнулася, пачуўшы першы ж удар. Спрасонку ёй здалося, што ў пакой ломіцца нячыстая сіла. Яна села на ложку і старанна перахрысціла дверы тры разы… Але гэта не дапамагло. Хтосьці настойліва спрабаваў збіць засаўку. У паўцемры панна ўбачыла, як нехта ўздрыгвае ад кожнага ўдару. І тут яна чамусьці падумала, што гэта свавольствы княгіні! Гэтая думка напалохала яе страшэнна. Панна Марыя ўявіла сабе, як княгіня пераўтвараецца то ў дзіка, то ў воўка, то ў мядзведзя… І яна крыкнула не сваім голасам:

— Хто там?

Удары ў той жа час сціхлі, быццам іх і не было. У пакоі ўсталявалася поўная цішыня. Панначка нават падумала: ці не прысніўся ёй гэты перапалох. Але тут засаўка зноў здрыганулася… З гэтай хвіліны ўдары ў дзверы сталі больш гучнымі і патрабавальнымі.

Панначка саскочыла з ложку і кінулася ў пакой служанкі.

— Агнешка! Агнешка!.. Сюды, хутчэй!