Читать «Чарадзейныя яблыкі» онлайн - страница 109

Юрий Аркадьевич Татаринов

Агнешка, таксама разбуджаная незразумелым шумам, ужо спяшалася ў спальню з вялікім падсвечнікам.

— Я тут, ваша міласць, — сказала яна. — Што здарылася?..

Панна Марыя не адказала, яна застыла на месцы прыслухалася да начных гукаў. Служанка паставіла падсвечнік на стол. Адбіткі святла асвяцілі пакой… Іржык за дзвярамі зноў прытаіўся. Відаць, яго ўвагу адцягнулі галасы.

— Нехта — там, за дзвярыма, — нарэшце вымавіла панначка. Яе калаціла. — Госпадзі,— яна раптам разрыдалася. — Заступіся! Прашу цябе!.. Ды што гэта за дом такі! Куды ты мяне пасяліў!..

— Супакойцеся, панначка, — адчуваючы адчай у голасе панначкі, ласкава сказала Агнешка. — Я зараз пайду і даведаюся. Можа, там нікога і няма.

Зняўшы адну свечку, служанка павярнулася, каб выйсці праз свой пакой. Але панна Марыя спыніла яе.

— Не хадзі,— ціха папрасіла яна. — Застанься, мне страшна.

Але Агнешка была настроена рашуча. Яна гатова была даць адпор любому, хто б там ні стаяў за дзвярыма спальні.

— Хто б ён ні быў,— адказала яна. — Я змагу яго справадзіць. Не мядзведзь жа гэта з нашай ямы.

Між тым Іржык, выламаўшы драўляную спіцу з кола, вырашыў паспрабаваць з яе дапамогаю адсунуць засаўку. Там, дзе справа тычылася яго жаданняў, ён праяўляў неверагодную кемлівасць. Але ў гэтыя начныя хвіліны пераважала нецярпенне. І таму ў яго нічога не атрымалася. Жаданне яго ўсё разрасталася — між тым у яго ўжо балела плячо і кроватачылі наабдзіраныя пальцы. Ён нерваваўся, мітусіўся і бурчаў, як малады, узвар'яваны блыхамі сабака.

За гэтым заняткам — спробай адчыніць дзверы з дапамогаю спіцы — захапіла яго Агнешка. Яна выйшла з суседняга пакоя і, ад здзіўлення, акамянела на парозе.

Заўважыўшы святло, Іржык кінуў спіцу і, развярнуўшы каляску, рашуча рушыў на служанку. Яго нападзенне было настолькі імгненным, што няшчасная нават не паспела адысці ўбок. Іржык штурхануў яе так, што тая ўдарылася аб вушак галавой і, паваліўшыся на падлогу, страціла прытомнасць. Паніч уехаў у пакой. Драўляныя абручы яго колаў застукалі па паркетнай падлозе. Заўважыўшы яркае святло, ён накіраваў каляску да адчыненых дзвярэй спальні…

Дрыжучы ад страху, панна Марыя запаліла ўсе свечкі. У спальні было светла, як удзень. Яна чакала вяртання Агнешкі. Як жа была яна здзіўлена, калі ўбачыла на парозе… князя Іржыка.

Яна заўважыла яго ў люстэрку. Ён сядзеў на калясцы і тарашчыў на яе здзіўленыя вочы. Панна Марыя была ні жывая ні мёртвая. Вочы яе закрыліся самі сабой, як ад непрытомнасці. Не ўсведамляючы, што робіць, яна выхапіла адну свечку з падсвечніка і, развярнуўшыся, запусціла ёю ў нязванага госця. Потым адбегла ў дальні куток і прыціснулася да сцяны спіной.

Іржык не варушыўся, працягваў здзіўлена глядзець на панначку. Ноздры яго раздзімаліся, а вочы блішчэлі. Страсць, якая прывяла яго сюды праз усе перашкоды, страсць, якая не давала яму пакоя вось ужо некалькі апошніх дзён, завалодала ім настолькі, што ён забыў аб усім на свеце. Ён гатовы быў сядзець вось так, насупраць панначкі, хоць цэлую ноч… Апрытомнеўшы ад першага ўражання, нарэшце ён асцярожна падкаціў да яе — і нечакана вываліўся з каляскі. Абхапіўшы ногі сваёй багіні, ён, стогнучы, стаў церціся аб іх шчакой. Дотык да яе даваў яму незвычайную, невыказаную асалоду.