Читать «Пастка для пярэваратня» онлайн - страница 79

Алексей Николаевич Якимович

Нагаварыліся людзі, набілі языкі. Неўзабаве яшчэ адна навіна абляцела вёску: Ясь жэніцца. Нездарма злавіў вяночак, які пусціла па рацэ Паўлінка. Знайшоў сваё шчасце.

Перад вяселлем Янкаву маці запрасілі за старшую каравайніцу. Вядома, і яму рупіла паглядзець, як у маладой будуць пячы каравай, але чамусьці не асмеліўся папрасіць у маці, каб узяла. Гэты вечар, напэўна, праседзеў бы дома, ды Алеся прыбегла.

— Яначка, хадзем да нас.

— Хадзем, — падтрымаў Алесю Мацей.

У Алесінай хаце — не толькі каравайніцы, але і суседзі. Пасярод хаты дзяжа з рошчынай — рашчыненым цестам.

Янка, Алеся і Мацей залезлі на печ. Добра на печы. З вышыні ўсё-ўсё відаць.

— Рошчына ў дзяжы паднялася. Зараз будуць цеста гібаць, размінаць, — сказала Алеся. — Яго нельга мясіць кулакамі, бо жаніх, калі стане мужам, будзе жонку біць.

«Кажа абы што, — падумаў Янка. — Хіба будзе біць Паўлінку Ясь? Ён жа такі добры. Паўлінцы купіў чаравічкі і бурштынавыя пацеркі».

— Ясь… — пачаў ён.

— Грамнічную свечку запалілі! — перапыніла Алеся.

Янка ўбачыў, што маці ўзяла тоўстую грамнічную свечку і, узняўшы яе, тры разы абышла вакол дзяжы.

— Чаму мая мама са свечкай вакол дзяжы ходзіць? — пацікавіўся Мацей.

— Грамнічная свечка нячысты дух адганяе, — адказала Алеся.

— І цётку з барадой?

— Мабыць.

— Цяпер заўсёды з грамнічнай свечкай буду хадзіць, — сказаў Мацей.

Янку прыгадалася тая купальская ноч, прыгадалася, як пад ранкі прывалокся Мацей, увесь у гразі. Казаў, што ў яму зваліўся. Цётка з барадой… Відаць, душу выме. І не толькі Мацею.

А маці, узмахнуўшы рукою, запрасіла:

— Просім бацьку роднага, маці родную, братоў, сясцёр, дзядзькоў, цётак, суседзяў, суседачак і малых дзетачак, гэты дар ці дазволіце ў шышкі гібаць, у боханы качаць?

— У шышкі гібаць! — пачулася дружна. І Алеся крыкнула з печы:

— У шышкі гібаць!

— Дзякуем бацьку роднаму, маці роднай, братам, сёстрам, суседзям, суседачкам і малым дзетачкам! — прамовіла маці.

І яшчэ два разы запытала, што з цестам рабіць. Кожны раз ёй адно і тое ж адказвалі, і кожны раз яна ўсім дзякавала.

— Чаму ўсё пытаецца? — не сцярпеў Мацей. Алеся ўсміхнулася.

— Так заведзена.

Янка глянуў на яе. Расчырванелася, вочкі гараць, што дзве вішанькі.

— Чаму так радуешся? — запытаў.

— Будуць каравай пячы.

Янка зусім не разумеў яе. Было б з-за чаго радавацца. Вось каб воі з паходу вярнуліся, крыжакоў разбіўшы, то канешне.

Маці тым часам узяла з дзяжы камяк цеста, запаленым канцом уваткнула ў яго свечку і хутка, спрытна зляпіла булачку.

— Прыгожая? — падняла ўгору.

— Добрая выйшла, — пачулася наўкол. А Алеся паведаміла:

— Пярвушка. Першая булачка называецца пярвушкай.

— І адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш? — здзівіўся Янка.

— Сёння і ты праведаеш, — адказала Алеся. Што на гэта скажаш? Відаць, не раз і не два Алеся вось так дзівіцца.

— Што яшчэ будзе? — падаў голас Мацей.

— Будуць каравай гібаць, розныя фігуркі з яго ляпіць.

І праўда, розныя фігуркі пачалі з цеста рабіць: качачкі, ружы, гусакоў, шышкі. А маці зляпіла ката, падобнага на воя. З вусамі, у шлеме. Хтосьці з жанчын засмяяўся.