Читать «Французская навела XX стагоддзя» онлайн - страница 9

Франсуаза Саган

«Справа не ў гэтым, — сказала яна сама сабе, каб набрацца смеласці. — Трэба разнесці пошту».

Яна абмацала сваё калена. Яе няўдалы мужык-люстэрнік на сваёй праклятай рабоце, не было нікога, каб паслаць наверх. А з гэтым каленам!.. Акрамя Адрыена была яшчэ Эмілі, але яна спала, ці рабіла выгляд, у сваім ложку, раскінуўшыся на прасціне, разамлелая, паружавелая, разам са сваёй дачкой. Яна вярнулася позна, стамілася, яе нельга было будзіць, гэтае дзіця. Марта працягнула руку, узяла пачак лістоў, паклала яго на цырату і трохі разарвала абгортку. «Моцна цалую», заяўляла паштоўка з Корсікі да маладой асобы з трэцяга паверха. Яе маці павінна насцярожыцца, добра вядома, што можа хавацца за самымі нявіннымі словамі. Хіба Эмілі не дадумалася, каб абдурыць сваіх блізкіх і сваю маці, калі яна нешта адчула, каб яе хахаль з кнігарні пасылаў ёй праспекты, у якіх асобныя цэны былі закрэсленыя? «Ты і я, фармат..., вокладка са скуразамяняльніка ўсіх афарбовак, за шэсцьсот пяцьдзесят франкаў...» Трэба было разумець: «Чакаю цябе без дзесяці сем». Кніжны чарвяк, а хто, скажыце, пакінуў ёй Калет? Урэшце, яна магла аддаць перавагу гаспадару кнігарні, і Марта, гладзячы калена, між іншым падумала, што, нават застаўшыся з дзіцем, Эмілі запляміла сябе менш, выбраўшы прадаўца.

Марта паважыла ў руцэ два канверты і перавярнула трэці, каб паглядзець на штэмпель, адкуль яно адпраўлена. Для маленькіх людзей ведаць — значыць магчы, хіба не так? Потым яна рэзка адсунула пошту. Яе раптам ахапіў жах. Зусім страціла розум, рабіць такое! Як з гэтай мансардай: трэба будзе і махляваць, і кленчыць. Але раптам яна азірнулася. Мадам Паке, з сёмага, вяртаючыся на сваіх каўчукавых падэшвах з царквы Сэн-Нікэз, дзе яна давала напракат крэслы, праспявала за яе спіной:

— Мне нічога?

— Нічога, мадам, — буркнула Марта.

Нічога не было. Хаця Марта працавала ўсяго восьмы дзень, яна ўжо здагадалася, што для мадам Паке ніколі не будзе нічога важнага, толькі рэкламныя праспекты і квітанцыі, але ёй менавіта таму і хацелася б соваць свой нос у будку кансьержкі. Заставалася толькі глядзець на яе. Яна перасунула языком напалову сасмактаны ледзянец за шчаку і застыла, нерухомая, амаль нягнуткая, прыкмячаючы беспарадак, удыхаючы пахі таннага віна, кацінай мачы і кіслага малака. Уся яе жвавасць засяродзілася ў вачах і варухлівых ноздрах. Ад усмешкі яе губы, якія асцярожна расклеіліся, зрабіліся зусім тонкімі.