Читать «Французская навела XX стагоддзя» онлайн
Франсуаза Саган
Французская навела XX стагоддзя
Укладанне, прадмова, звесткі пра аўтараў Л. Казыры. З французскай пераклалі А. Асташонак, Л. Казыра, З. Колас, А. Мароз. 351 с. Тыраж 5300 экз.
Луі Арагон
Падсадная качка
— Ну што, будзеш гаварыць ці не?
Яны білі яго бясконца. У абодвух ужо абрываліся рукі. На клубы і спіну вязню страшна было зірнуць. Інспектар Бэлем уздыхнуў: «Ну і быдла! Далібог, іх нічым не проймеш». А яшчэ, чаго добрага, скажуць, што ён не ведае сваёй справы, калі не здолеў нічога выцягнуць з гэтага парсюка.
— Досыць. Адвядзіце, — расчаравана прамовіў ён.
Вязню кінулі вопратку. Каб ён здолеў адзецца, яго трэба было падтрымліваць.
— Можаш паверыць, занятак быў не з прыемных. Як прыгадаю — з душы верне! — трошкі пазней тлумачыў інспектар свайму калегу, седзячы ў кавярні за шклянкай пладовага соку на сахарыне, якім даводзілася частавацца кожны чацвер, калі ты не аматар да піва. Той кіўнуў галавой: «Пасля такой работкі было б няблага прапусціць і па чарачцы шнапсу, каб падбадзёрыцца...»
Камера была невялікая, прынамсі, такой не здавалася. Набліжаўся вечар. Святло ў адтуліне за кратамі прыкметна згасала, хутка набягаў змрок. Яго позірк упаў на парашу. Як да яе дацягнуцца ды яшчэ падняць накрыўку зубамі? Рукі — за спінай, у кайданах, якія не скінеш, а калі ўсё цела ў ранах, рабіць пад сябе — пакута. Турма была набітая бітком, але вязня, як выключэнне, трымалі ў камеры аднаго. Зрэшты, так яму пачувалася якраз спакайней: ён нічога гэтак не баяўся, як блізкасці з крымінальнікамі... а то яшчэ могуць падсунуць качку... Боязь да падсадной качкі не давала яму спакою.
Ён ляжаў на матрацы ў нясцерпным смуродзе, любая пастава, як ні павернешся, праз адну-дзве хвіліны выклікала жудасны боль. Там, дзе скура яшчэ ацалела, пачынаў даймаць сверб; спякота і гнілое паветра рабілі яго невыносным. Пратухлы, моташлівы сяннік, напэўна, кішэў чарвямі, у паветры лёталі мухі, яны сядалі на сваю ахвяру, і ён іх адно толькі здрыгваў.
Невядома чаму вязню ўвесь час вярзліся тоўстыя, вялікія хрушчы, якіх было многа пад горадам гэтай вясной. Яны падалі з дрэваў на спіну і круцілі лапамі, не могучы перавярнуцца. Цяпер быць хрушчом настала яго чарга. Як жа было прыгожа гэтай вясной! Ці можна ўявіць сабе тут той духмяны водар расквітнелых дрэў...
А яшчэ гэтая саламяная пацяруха, што ліпне да цела, лезе пад адзенне, цэлыя тысячы маленькіх саломінак, ад якіх немагчыма дый бескарысна абтрасацца... Дзіўна — пакутаваць больш за ўсё праз гэтую пацяруху, калі ўсё цела ў цябе баліць, калі ўсё спісяжана ранамі. І ў гэтым пачварным брудзе, у гэтым затхлым паветры, якім немагчыма дыхаць, — кідацца ў роспач ад нейкай жоўтай крышанкі, ад дробных былінак, што чапляюцца за адзенне, датыкаюцца да ўсяго сваім адмысловым, высушлівым дотыкам — дотыкам турмы.
«Я нічога ім не сказаў...»
Ён паўтараў гэтыя словы, каб хоць трошкі сябе падбадзёрыць. З распухлай губы цякла кроў. Гэта ўдарыў інспектар, калі вычарпаў усе аргументы. Языком ён намацваў востры край абламанага зуба, у роце было солана.
«Я нічога ім не сказаў...»