Читать «Урок арыфметыкі» онлайн - страница 4

Вячаслаў Адамчык

Недзе ў мяне за спіною на вечар хілілася сонца і дагарала ў вокнах крайніх хат нашай вёскі, а на грудку за вёскаю, там, дзе было нашае поле, дзе мая мама капала бульбу, мігцела шкельца. Да мяне цягнуліся і рваліся, ніклі і зноў, успыхнуўшы, туга трымцелі тонка-бліскучыя праменні.

Папалуднаваўшы дома, я ішоў на тыя грудкі памагаць маме падносіць кошыкі з бульбай і ссыпаць. Сонца ўжо не было — толькі там, за мястэчкам, дзе яно схавалася, светла чырванела неба. Выразна цямнела над мястэчкам высокая вадакачка. А пасля неба рабілася карычнева-фіялетавае. Мы з мамай сядзелі на мяшках і чакалі падводу.

— Будзе калгас, то ўсім будзе аднолькава… казала мама, і цёмныя патрэсканыя рукі яе ляжалі на прыполе. — А то за калодзеж — адрабляй, за каня — адрабляй…

У нашай вёсцы ўжо гаварылі пра калгасы, і кожнае суботы ціхім чэрствым вечарам, спатыкаючыся ўпоцемку на вуліцы, узбіваючыся на платы, па вёсцы хадзіў старшыня сельсавета і разам з ім, расслабіўшы цёплыя хусткі, настаўніцы з нашае школы.

Аднойчы ў нашую хату старшыня прыйшоў з дырэктарам школы і Чаславай Карлаўнай.

— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Я сядзеў за сталом — якраз адрабляў урокі.

Я засаромеўся і схаваў пад лаўку босыя ногі. Мама засаромелася таксама — пачырванела і пачала спешна прыбіраць у хаце.

— Нічога, нічога, хадзяйка… — Старшыня агледзеў нашу хату, і вочы яго спыніліся недзе на сцяне, на мамінай яшчэ дзявочай павялічанай фатаграфіі. — Ну, дык як нашчот калгаса, хадзяйка?..

— Як усе добрыя людзі, так і я. — Мама змахнула фартухом з услона. — Во садзіцеся… А я вам скажу, якая з мяне калгасніца… Няхай во багацейшыя — у іх коні ёсцека.