Читать «Урок арыфметыкі» онлайн - страница 6

Вячаслаў Адамчык

Асалавелыя, маўклівыя, мы яшчэ цягнуліся з вакзала ў школу — па свае сумкі.

— А заўтра пойдзем яшчэ? — хітра пытала ўжо ў класе Часлава Карлаўна, і на шчоках у яе зноў выступілі непрыгожыя ямкі.

— Пойдзем, — як заўсёды, за ўсіх нас крыкнуў з апошняй парты Капейка.

— Толькі не забывайцеся пра арыфметыку. Ці ж усе рашылі задачу?

— Усе-е-э…

— А можа, хто хоча рашыць яшчэ адну? Я дам свой задачнік.

Усе маўчалі, бо ва ўсіх былі свае задачнікі, толькі я перапісваў умовы задач у Кіры Фахрушавай. Часлава Карлаўна глядзела на мяне і падышла да мае парты.

— На табе, Мечык.

Яна паклала задачнік на маю парту — я пачуў, як ён лёгка запах светлымі духамі.

Потым ён гэтаксама пах у нашай хаце — і, мне здавалася, у хаце зрабілася хораша, як бывае хораша перад вялікаднем, калі ў нас пахлі свежыя яловыя лапкі, пазатыканыя пад бэльку, і сыры жоўты пясок, якім мама пасыпала гліняны ток. Цэлы вечар я рашаў задачы, а мама ўпраўлялася з вячэраю — у печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы.

— Будзе госць, — гаварыла мама і не баючыся брала пальцамі яшчэ не астылы, што пераліваўся чырвона-сіняватым адлівам, вугельчык і кідала назад у печ.

I мне думалася, што гэтым госцем у нашай хаце будзе зноў Часлава Карлаўна, думалася пра тое, як мы заўтра зноў будзем ехаць у лес, будзе калыхацца жоўты вагон і будзе насупраць мяне сядзець Часлава Карлаўна, а я буду глядзець на яе белы прыгожы твар, на завушніцы, што будуць лавіць сонца, што будзе коса свяціць у наш вагон, на плячо Чаславы Карлаўны.

Але назаўтра раніцаю рэдка і буйна пасыпаўся дождж, і ў школу ўсе прыйшлі мокрыя, невясёлыя, што ніхто нікуды не паедзе, і пасля званка чакалі Чаславу Карлаўну — меўся быць яе першы ўрок, — прыслухоўваючыся, як у вадасцёкавай трубе холадна, аж шэрхне скура, шуміць дажджавая вада і нудна крычыць на школьным двары мокрая варона.

У клас, прыпазніўшыся, увайшоў фізрук, паныла сказаў, што будзе фізкультура. Толькі перад апошнім урокам перапалоханая, здзічэлая Кіра Фахрушава прынесла ў клас нечаканую навіну: сёння ноччу ў лесе параніўся і, можа, памрэ сын Чаславы Карлаўны — ён укінуў у агонь снарад. Кіра сціснула каля грудзей худыя кулачкі і заплакала першая, за ёю мокра зашморгалі насамі ўсе дзяўчаткі. Хлопцы панура маўчалі. Мне чамусьці было шкада не сына Чаславы Карлаўны, а яе самую. У мяне ў нейкай дзіўнай асалодзе закружыліся, замільгалі нечаканыя думкі: некалі Часлава Карлаўна забудзецца, што ў яе быў сын, а я прыйду і скажу, што хачу быць у яе за сына. I яна спярша заплача, а потым засмяецца, абдыме, пацалуе мяне, павядзе дадому. I я стану жыць у хаце з белымі фіранкамі, з цёплай пафарбаванай падлогай, з мяккімі ходнікамі — у такой самай хаце, у якую я заходзіў аднойчы з мамаю, яшчэ пры немцах, калі мы насілі прадаваць у мястэчка малако. I мяне будзе наведваць мама. А Часлава Карлаўна будзе нячутна хадзіць па ходніках у блакітным доўгім халаце з бліскучымі кветкамі, і з-пад халата будуць відны чырвоныя пантофлі з пушыстым белым кутасікам, як у той пані, якой мы прадавалі малако. Толькі ж куды дзенецца немалады, хмуры муж Чаславы Карлаўны?