Читать «Урок арыфметыкі» онлайн - страница 2

Вячаслаў Адамчык

У класе наставала цішыня, толькі за вокнамі тамліва шумелі і роўна пахістваліся блізкія сосны, і на апошняй парце, змарыўшыся за доўгі перапынак, густа адсопваўся Капейка.

Часлава Карлаўна бязгучна адстаўляла крэсла далей ад стала, абедзвюма рукамі туга прыгладжваючы каля ног спаднічку, садзілася, раскрывала журнал, правярала, ці ўсе ў класе, і ішла між партаў, праглядала нашыя сшыткі, — а выкладала яна арыфметыку, — коратка прыпыніўшыся каля кожнага з нас: на нашыя твары ад яе ружовага світара падала агністае святло, і мы на нейкі час дзіўна і нечакана радасна харашэлі.

А я кожны раз з нейкай шчымлівай затоенасцю чакаў гэтага агністага непякучага святла, ледзь улоўнага хмельна-прыемнага паху духоў, раптоўнай яе блізкасці, калі яна нагіналася нада мною, лёгка абапёршыся выразна белаю рукою аб маю парту, яе шчырага нямоцнага голасу, калі яна пра што-небудзь пыталася.

I кожны раз я ішоў за ёю назіркам, калі яна вярталася са школы, вярталася з сынам, крышку большым за мяне, што вучыўся ў сёмым класе і быў з твару гэтакі самы, як яна, і гэтак мякка хаваў пад густымі вейкамі свае вочы.

Я ішоў з адчуваннем свае незразумелае адзіноты, наіўнага шкадавання, што ў мяне не гэтакая прыгожая маладая мама, і, мусіць, не гэтакі прыгожы я сам, і не гэтак хораша адзеты, як сын Чаславы Карлаўны, і не маю гэтакае самае скураное вайсковай сумкі, як мае ён, і столькі грошай, бо дае таму вусатаму салдату ў заячай шапцы, што вартуе за школаю склад, аж тры рублі, каб дазволіў стрэліць са свае вінтоўкі.

Дома мне мроілася школа, Часлава Карлаўна. З тамлівай радасцю я чакаў урока арыфметыкі, а калі ён прыходзіў, я сядзеў сцішаны ў сваіх думках, з нейкай патаемнаю асцярогаю ўглядаўся ў Чаславу Карлаўну. А яна стаяла ля дошкі, зрэдку адкідваючы з грудзей на шыю нячутна лёгкі шалік, спрытная, свабодная ў паставе. I мне думалася пра нязнаны празрысты свет, пра вялікі горад, куды я паеду, як вырасту, у той горад, дзе ўсе прыгожыя людзі, дзе ўсе хораша адзяюцца, смачна ядуць — булку з маслам, як Кіра Фахрушава, што прыехала ў нашую школу недзе з Масквы. Вярнуся сюды хораша адзеты і нават з залатым зубам, як дырэктар школы, і мне падасць руку Часлава Карлаўна, як падае яна дырэктару школы, і загадкава засмяецца, як смяецца з ім, злёгку закідваючы назад галаву.

— Слухай, што я тлумачу, — сказала аднойчы Часлава Карлаўна, — і глядзі на дошку.

Я адчуў, як у мяне загарэліся шчокі. Мне здалося, што пра мае думкі ведае Часлава Карлаўна і ўсе вучні.

Зазваніў званок. Гэта званіў наш маўклівы вартаўнік, што заўсёды хадзіў, адкапыліўшы ніжнюю цяжкую губу, і знянацку біў нас памялом. Мы ўцякалі і толькі тады нарэшце прыгадвалі, што гэта за ўчарашняе выбітае акно.

Часлава Карлаўна ўзяла пад паху журнал і пайшла з класа: яе цяжкія завушніцы павольна калыхаліся. За ёю наперабой пацягнуліся дзеці.

На вялікім перапынку мы бегалі на таўкучку: яна была праз дзве вуліцы ад нашае школы. Там смачна пахлі смажаныя семечкі, якія прадавалі па дзве шклянкі на рубель, і нехта вялікі ў дзіравым паліто, з якога лезлі касмылі бруднае ваты, іграў у тры тузы. Каля яго заўсёды стаялі людзі і цэлаю плоймаю таўкліся мы. Тут, на таўкучцы, можна было даведацца і пра свой «лёс». Кожны чалавечы «лёс» быў у папяровым канверціку. Канверцікі ляжалі ў фанернай скрыначцы, якую трымала на каленях жанчына з цвёрдым абветраным тварам і без аднае рукі. Пад фуфайкай у жанчыны ціха драмала, мякка закрываючы вочы, марская свінка.