Читать «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» онлайн - страница 4

Франсуа Марыяк

Але пра што гаварыць з Бернарам сёння, калі гэты жах развеяўся?.. Тэрэзе мроіцца іх адзінокі дом, дзе муж чакае яе, спальня з кафлянай падлогай, лямпа на стале сярод газет і бутэлечак з лякарствамі... Яшчэ брэшуць на дварэ сабакі, пабуджаныя грукам экіпажа... Потым яны сціхаюць і зноў усё нямее і настае ўрачыстая цішыня, як і ў тыя ночы, калі Тэрэза глядзела на Бернара, а той пакутліва курчыўся ад прыступаў рвоты. Тэрэза спрабуе ўявіць сабе той позірк, якім яны хутка абмяняюцца з мужам; а як пройдзе ноч, што будзе заўтра, праз тыдзень, праз месяц — у гэтым доме, дзе ўжо не трэба разам прыдумваць выгадную для сябе версію перажытай драмы. Цяпер паміж імі будзе стаяць толькі рэальнае, толькі тое, што адбылося... Тэрэзу ахоплівае страх, яна штосьці мармыча, павярнуўшыся да адваката (на самай справе яна гаворыць гэта бацьку):

— Я збіраюся пабыць некалькі дзён дома, з мужам. Калі яму палепшае, я вярнуся да бацькі.

— Вось як? Ні ў якім разе, дарагая, чуеш?

Фурман заварушыўся на сваіх козлах, і Лярок, панізіўшы голас, дадаў:

— Ты што, зусім здурнела? Пайсці ад мужа ў такі момант? Не, цяпер вы павінны быць разам, як два пальцы адной рукі. Чуеш? Да самай смерці...

— Праўда, тата. І што гэта мне прыйшло ў галаву? Але ж ты будзеш прыязджаць да нас у Аржалузу?

— Тэрэза, я буду чакаць вас, як і заўсёды, у чацвер — у дні кірмашу. Так што прыязджайце да мяне, як і раней прыязджалі!

Проста неверагодна, як яна дагэтуль не зразумела, якой небяспекай было яму і ўсім найменшае парушэнне прыстойнасці! Гэта смерць! Зразумела? Ці мог ён разлічваць на Тэрэзу? Яна ж нарабіла столькі непрыемнасці сям'і...