Читать «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» онлайн - страница 5

Франсуа Марыяк

— Ты будзеш рабіць усё, што скажа муж. Здаецца, я гавару ясна.

І месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экіпаж.

Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымі пачарнелымі пазногцямі: «Добра ўсё, што добра канчаецца», — сказаў ён. І гэта прагучала шчыра, бо калі б справа пайшла інакш, ён не меў бы ніякай выгады: сям'я Лярокаў і Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругі Вардо. Сапраўды, усё скончылася добра...

II

Тэрэзе падабаўся гэты асаблівы пах прэлай скуры старога экіпажа. Яна не любіла паліць у цемры і таму не вельмі перажывала, што забылася цыгарэты. Ліхтары асвятлялі адхон дарогі, махрыстую папараць, тоўстыя камлі волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбіваўся цьмяны сілуэт экіпажа. Часам сустракаліся вазы, запрэжаныя муламі. Мулы самі скіроўвалі ўправа, а разамлелыя вазакі драмалі. Тэрэзе здаецца, што ніколі не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што ніколі не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзіну язды да станцыі Нізан, потым прыгарадны цягнік з бясконцымі прыпынкамі. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзіць, да Аржалузы — 10 кіламетраў на двухколцы (дарога такая, што ніякі шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабілі). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс і ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкі, якія валодалі ёю напярэдадні суда: калі б следства падтрымала абвінавачанне, ёй хацелася б толькі аднаго — землетрасення. Яна зняла капялюшык і прыціснулася шчакой да пахучай скураной абіўкі. Ад штуршкоў ківалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...

Да гэтага вечара яна жыла, нібы загнаны звер, і толькі цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвілыя губы і прыгожы высокі лоб. У яе быў выгляд чалавека, які страціў усе надзеі. І хоць людзі не прызналі яе вінаватай, яна была прыгаворана — да вечнай адзіноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лічылі прыгожай) маюць людзі, якім не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты і шчымлівы душэўны боль. Затаіўшыся ў куточку экіпажа, Тэрэза — гэтая выкрытая атручальніца, — едзе па калдобістай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзіць правай рукой свой твар пакутніцы, якіх жывых спальваюць на вогнішчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваімі непраўдзівымі паказаннямі... Наўрад ці ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы іх, глядзіць навокал. Коні ідуць паволі. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. Не трэба нічога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экіпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкі чалавек. А-а, гэта следчы... Ізноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна ківае галавой і справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. «Паспрабуйце ўспомніць, мадам, хіба вы нічога не схавалі ў кішэні той старой палярыны, якую вы носіце цяпер толькі ў кастрычніку, калі ідзяце на паляванне, пастраляць вехіроў?» Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. Не зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецік, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напісана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы: