Читать «Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк» онлайн - страница 2

Франсуа Марыяк

Пачуўся Тэрэзін голас:

— Ніякай ахвяры не было!

— Я хацеў сказаць, мадам, ахвяры сваёй уласнай неасцярожнасці.

Позіркі абодвух мужчын на нейкі момант спыніліся на нерухомай фігуры маладой жанчыны, заціснутай у паліто, на яе бледным, абыякавым твары. Тэрэза папыталася, дзе стаіць іх экіпаж. Бацька сказаў, што загадаў фурману чакаць за горадам, на дарозе ў Бюдо, каб не прыцягваць да сябе лішняй увагі.

Яны перайшлі цераз плошчу. На мокрых лаўках валялася апалае лісце платанаў. Добра, што дзень стаў карацейшы і ўжо змяркалася. Дый прайсці да экіпажа можна было непрыкметна: вуліцы ў гэтым раёне былі малалюдныя. Тэрэза ішла паміж мужчынамі. Яны вялі сваю размову, як быццам яе тут і не было. Часам яна заходзіла трохі наперад, і тады мужчыны адразу штурхалі яе локцямі, бо яна замінала ім гаварыць. Нарэшце яна крыху адстала, зняла пальчатку з левай рукі і час ад часу зрывала пучкі моху, што нарос на старой каменнай сцяне, уздоўж якой яны ішлі. Яе абміналі двухколкі, рабочыя на веласіпедах, і трэба было прыціскацца да сцяны, каб не апырскала граззю адзежы. Змрок апускаўся на горад, і Тэрэза ўжо не баялася, што яе пазнаюць. Прывычны пах свежага хлеба, што ішоў з пякарань, пах туману Тэрэза ўспрымала цяпер нібы водар жыцця, якое нарэшце зноў вярталася да яе. Тэрэза прыплюшчвала вочы, з асалодай смакуючы дыханне соннай зямлі і мокрай травы, і старалася не чуць гэтага маленькага чалавечка на кароткіх крывых ножках, які ні разу не азірнуўся на сваю дачку. Яна магла ўпасці на гэтай дарозе: ні бацька, ні Дзюро гэтага не заўважылі б. Цяпер ужо не было патрэбы шаптацца, і яны гаварылі на ўвесь голас.

— Сапраўды, паказанне месьё Дэйскейру было цудоўнае... Але ж гэтая гісторыя з рэцэптам... Па сутнасці, там было фальшывае... Дый доктар Педмэ падаў скаргу...

— Але ж ён забраў яе назад...

— Тым не менш, вы паглядзіце, якое яна дала тлумачэнне: нейкі незнаёмы перадаў ёй рэцэпт...

Не так ад стомы, як ад жадання не чуць больш гэтых слоў, якімі яе мучылі ўжо колькі тыдняў, Тэрэза пайшла памалей. Дарэмна. Немагчыма было не пачуць бацькавага фальцэту:

— Колькі разоў я ёй казаў: «Няшчасная, прыдумай ты што-небудзь другое...»

Што ж, супраць нічога яму не скажаш: ён і праўда не раз гаварыў ёй гэта. Але чаму ж тады ён зноў хвалюецца. Тое, што ён лічыць гонарам сям'і, выратавана. Да выбараў у сенат усё забудзецца, і ніхто не ўспомніць пра гэтую гісторыю. Так разважала Тэрэза, якой зусім не хацелася даганяць сваіх спадарожнікаў. Тыя, як на злосць, так захапіліся размовай, што спыніліся пасярод вуліцы:

— Паверце мне, Лярок, вам трэба апярэдзіць падзеі і перайсці ў наступленне. Трэба змясціць у нядзельным нумары «Сейбіта» артыкул з загалоўкам накшталт... «Агідны паклёп...» Ці вам хацелася б, каб гэта я ўзяў на сябе?

— Не, дарагі, не. Дый цяжка напісаць што-небудзь такое. Усе ведаюць, што следства вялося на скорую руку. Нават не падключылі экспертаў, каб высветліць па почырку, хто напісаў рэцэпт. Канешне, дзеля інтарэсаў сям'і я гатоў пайсці на ўсё, я буду дзейнічаць. Але цяпер трэба заглушыць гэтую справу... замяць яе і маўчаць!