Читать «Тры таварышы» онлайн - страница 221

Эрих Мария Ремарк

— Мне робіцца журботна, калі ты так гаворыш.

Яна нейкі час глядзела на мяне.

— Калі вось так ляжыш, то прыходзяць розныя думкі. І шмат што здаецца дзіўным, на што раней не звяртаў увагі. Ведаеш, што я цяпер не магу зразумець? Што з дваіх закаханых, такіх, як мы, адзін можа памерці.

— Супакойся, — сказаў я. — Адзін заўсёды памірае першы, заўсёды ў жыцці. Але да гэтага мы яшчэ не дажылі.

— Няхай бы людзі паміралі толькі ў адзіноце. Ці тады, калі адзін аднаго ненавідзіць. Але не тады, калі любяць…

Я прымусіў сябе ўсміхнуцца.

— Сапраўды, Пат, — сказаў я і ўзяў яе гарачыя рукі ў свае. — Калі б мы з табой стваралі свет, ён выглядаў бы куды лепш.

— Так, каханы. Мы такога не дапусцілі б. Калі б толькі ведалі, што за ўсім гэтым. Ты верыш, што і там нешта ёсць, потым?

— Веру, — адказаў я. — Жыццё наладжана так дрэнна, што не можа канчацца проста так.

— Што ж, пераканаўча. Але няўжо ты лічыш, што гэта таксама кепска? — Яна паказала на букет жоўтых ружаў каля свайго ложка.

— У тым і справа, — адказаў я. — Дэталі — цудоўныя, а ўсё цэлае не мае сэнсу. Як быццам усё стваралася некім, каму, гледзячы на цудоўную разнастайнасць жыцця, нічога іншага не прыйшло ў галаву, як знішчыць зноў.

— І зноў стварыць, — сказала Пат.

— І тут я не бачу сэнсу, — адказаў я. — Ад гэтага і па сённяшні дзень жыццё не палепшылася.

— Не скажы, каханы, — сказала Пат. — Што датычыць нас, то зроблена вельмі добра. Лепш не бывае. Толькі нядоўга, занадта нядоўга.

Праз некалькі дзён у мяне закалола ў грудзях, і я пачаў кашляць. Галоўны лекар пачуў кашаль, ідучы па калідоры, і зазірнуў у мой пакой.

— Зайдзіце да мяне ў кабінет.

— Нічога страшнага, — сказаў я.

— Усё роўна, — адказаў ён. — Кашляючы, вам нельга сядзець у фройляйн Хольман. Хадзем зараз са мной.

У яго кабінеце я з нейкім асаблівым задавальненнем здымаў з сябе сарочку. Тут, наверсе, здароўе здавалася нейкай незаконнай прывілеяй. Сам сябе чалавек адчуваў жулікам ці дэзерцірам.

Галоўны лекар глянуў на мяне.

— Здаецца, вы яшчэ і рады, — сказаў ён, моршчачы лоб. Потым ён мяне старанна абследаваў. Я разглядаў бліскучыя прадметы на сценах, дыхаў глыбока і паволі, хутка і коратка — так, як ён патрабаваў. Пры гэтым я зноў адчуў паколванне і быў задаволены, што нечым набліжаўся да Пат.

— Прастуда, — сказаў лекар. — Ляжце на дзень-два ў пасцель ці ў крайнім выпадку не выходзьце са свайго пакоя. Да фройляйн Хольман заходзіць забараняецца. Не з-за вас… з-за фройляйн Хольман.

— Можна размаўляць з ёй праз дзверы? — спытаў я. — Альбо праз балкон?

— Праз балкон можна, але толькі некалькі хвілін. І праз дзверы таксама, калі будзеце як след паласкаць горла. Акрамя прастуды ў вас яшчэ катар палільшчыка.

— А лёгкія? — Чамусьці я спадзяваўся, што хоць нейкая дробязь у іх будзе не ў парадку. Тады мне было б не так няёмка перад Пат.

— З вашага аднаго лёгкага можна тры зрабіць, — заявіў лекар. — Такіх здаравякоў я ўжо даўно не бачыў. У вас толькі цвердаватая печань. Магчыма, зашмат выпіваеце.