Читать «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» онлайн - страница 6

Мікола Савіцкі

Абарóнены рэжы́м (protected mode) — метад выкарыстання мікрапрацэсара пры рабоце ў многазадачным рэжыме з некалькімі праграмамі, каб розныя праграмы не перашкаджалі адна адной.

Абарóнены рэжым работы працэсара (protected mode) — упершыню паявіўся ў працэсары Intel 80286. У гэтым рэжыме працэсар падтрымлівае: абарону памяці — адна праграма не можа звярнуцца да абсягу памяці, якая занята другой праграмай; пашыраную памяць — праграма можа атрымаць доступ да адрасоў памяці, якія “вышэй” першых 640 Кб; віртуальную памяць — адрасная прастора пашыраецца да больш чым 1 Гб.; многазадачнасць — працэсар папераменна выконвае то адну праграму, то другую. Дзякуючы гэтаму ствараецца ілюзія іх адначасовага выканання.

Абарóнены файл (protected file) — файл, для доступу да запісаў якога патрэбна ўвесці пароль.

Абвяшчáць (annunciator) — любая форма гукавога альбо візуальнага напаміну, прадугледжанага праграмай, для карыстальніка здзейсніць нейкія дзеянні.

Абзáц (paragraph) — тэрмін у тэкставых працэсарах для абазначэння часткі тэксту паміж двума суседнімі маркерамі канца абзаца. Пачатак абзаца пачынаецца з водступу, большага, чым водступ асноўнага тэксту. Для праграмы тэрмін абзац азначае блок інфармацыі, які можна вылучыць як адзінае цэлае і прыдаць іншы фармат, адрóзны ад фармату суседніх абзацаў.

Аблічбава́ць (digitize) — пераўтвараць у форму двайковых кодаў. Шляхам змянення амплітуды сігналу яго можна аблічбаваць і пераўтварыць атрыманы лік у лічбавую форму. Уваходныя дадзеныя, такія як лініі малюнка альбо гукавы сігнал, пераўтвараюцца ў паслядоўнасць дыскрэтных элементаў, якія ў кампутары пададзены двайковымі знакамі 0 і 1. Малюнак, фотаздымак могуць быць аблічбаванымі з дапамогай сканера.

Аблічбо́ўка (quantization) — змяненне якіх-небудзь велічыняў і перавод атрыманых значэнняў у лічбавую форму.

Аблічбо́ўка сігна́лу (waveform digitization) — прадстаўленне зменлівай амплітуды сігнала наборам лікаў.

Абмéн звéсткамі (data communication) — працэдура прыёму і перадачы звестак, уключна кадаванне, дэкадаванне, буферызацыю і праверку. Гэта тэхніка дазваляе скамбінаваць звесткі з розных дадаткаў альбо перадаць звесткі з аднаго кампутара на другі.

Абмежавáнне на ўвахо́д у сістэму (сетку) (login restriction) — абмежаванні могуць быць рознымі: абмежаванне імёнаў карыстальнікаў — не ўсім зарэгістраваным у сістэме карыстальнікам дазволены ўваход у сістэму; часовыя абмежаванні — уваход у сістэму можа быць абмежаваны па часе ва ўказаным дыяпазоне; абмежаванне на імя кампутара — уваход у сістэму можа быць дазволены толькі карыстальнікам, якія зарэгістраваны на строга вызначаных сістэмах; іншыя абмежаванні — усё залежыць ад магчымасцяў сістэмы і досведу адміністратара.

Абмежавáнне цэ́ласнасці (consistency constraints) — лагічныя абмежаванні, якія накладваюцца на звесткі і прымяняюцца СКБЗ для падтрымання цэласнасці звестак. Гэтыя абмежаванні прадугледжаны ў структуры базы звестак.

Абмяжавáльная рáмка (bounding box) — прамавугловая прастора для тэксту альбо графікі. Параметры рамкі можна акрэсліць мышой.