Читать «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» онлайн - страница 5

Мікола Савіцкі

Аб’éкт (object) — набор звестак, з якімі можа быць здзейснена якое-небудзь дзеянне ў праграме; акрэсленая частка рэчаіснасці (працэс, з’ява, прадмет). У аб’ектна-арыентаваным праграмаванні аб’ект — гэта сукупнасць звестак і метадаў для іх апрацоўкі.

Аб’éктна-арыентавáнае праграмавáнне (object-oriented programming) — метадалогія праграмавання, якая з’яўляецца развіццём структурнага праграмавання. Структураванне праграмы здзяйсняецца разбіваннем яе на спецыяльныя модулі, якія аб’ядноўваюць звесткі і працэдуры іх апрацоўкі. Аб’ектна-арыентаванае праграмаванне базуецца на паняцці абстрактных тыпаў звестак. Любы доступ да звестак можа быць атрыманы толькі шляхам выкарыстання модуля.

Аб’éктна-арыентавáная архітэктýра (object-oriented architecture) — арганізацыя праграмы, пры якой усе файлы, уваходныя і выходныя звесткі разглядаюцца як аб’екты.

Аб’éктная прагрáма (object program) — праграма ў машынным кодзе, якая была атрымана пры трансляцыі з зыходнай мовы.

Аб’éктны код (object code) — код, згенераваны транслятарам альбо асэмблерам пры трансляцыі зыходнага тэксту праграмы; праграма ў машынным кодзе, якая можа быць выкарыстана для непасрэднага выканання кампутарам.

Аб’éктны файл (object file) — выхадны файл транслятара, які змяшчае адзін ці некалькі аб’ектных модуляў.

Аб’ём памяці (capacity) — максімальная колькасць адзінак памяці ў кампутарнай сістэме, якая можа захоўвацца ў памяці альбо на дыску (у байтах, кілабайтах альбо мегабайтах).

Аб’яднáнне (merge) — аб’яднанне двух альбо больш аб’ектаў вызначаным спосабам, без змены базіснай структуры кожнага.

Аб’яднáнне (union) — аперацыя над мноствамі, у выніку якой ствараецца новае мноства, якое ўтрымлівае элементы ўсіх аб’яднаных мностваў.

Аб’яўлéнне масіву (dimensioning) — прысваенне імя і атрыбутаў элементам масіву і ўказанне кампутару, колькі ячэек памяці неабходна пакінуць (выдзяліць) пад гэты масіў.

Аб’яўлéнне, апісáнне, абвяшчэ́нне (declaration) — прывязванне ідэнтыфікатара да абазначальнай ім інфармацыі; абазначэнне тыпу зменнай, канстанты — цэлыя лікі, рэчаісныя лікі і інш. Аперацыя аб’яўлення тыпу “гаворыць” кампутару як успрымаць акрэсленыя апісаннем імёны аб’ектаў. Гэта метад стварэння элемента мовы; прысвойванне імёнаў і атрыбутаў элементам мовы.

Абавязкóвае аб’яўлéнне (mandatory declaration) — аб’яўленне зменных, якое нельга апускаць.

Абанéнт (abonent, user, subscriber) — юрыдычнае альбо фізічная асоба, якая мае права на карыстанне паслугамі вылічальнай сеткі.

Абарóна (protection) — дзеянні альбо меры, якія робяцца для абмежавання / устаранéння несанкцыяванага доступу.

Абарóна звéстак (data protection) — набор апаратных і праграмных сродкаў, якія дазваляюць абмежаваць доступ да звестак.

Абарóнены абсяг (protected location) — дзялянка ў памяці, якая не можа быць выкарыстана гэтай праграмай. Абарона памяці можа быць арганізавана праграмна: пры кожнай аперацыі запісі выконваецца праверка, ці належыць выстаўлены адрас абароненаму абсягу.