Читать «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы» онлайн - страница 8

Мікола Савіцкі

Абся́г адлюстравáння (image area) — прастора паміж палямі на старонцы ў праграме настольнай выдавецкай сістэмы, дзе памяшчаецца тэкст альбо ілюстрацыя.

Абся́г звéстак (data area) — частка памяці, якая выкарыстоўваецца для захоўвання звестак.

Абучáльная (навучáльная) машына (teaching machine) — кампутар ці іншая прылада, якая можа быць выкарыстана вучнямі для навучання без дапамогі выкладчыка.

Абучáльная (навучáльная) праграма (online tutorial) — праграма, якая рэалізуе ў дыялагавым рэжыме алгарытм навучання па той ці іншай дысцыпліне альбо па адным з яе раздзелаў.

Авáрыя (crash) — нечаканы збой у рабоце кампутара (праграмы альбо дыскавода). Аварыя праграмы вядзе да страты ўсіх незахаваных звестак і можа выклікаць нестабільны стан сістэмы і пераладаванне кампутара. Аварыя дыскавода вядзе, як правіла, да страты звестак.

Авáрыя галóўкі (head crash) — збой цвёрдага дыска, калі галоўка запісу-чытання дакранаецца паверхні дыскавай пласціны, на якой захоўваецца інфармацыя. Галоўкі запісу-чытання ў цвёрдым дыску рухаюцца (слізгаюць) над паверхняй дыскавай пласціны, якая кружыцца на вышыні, меншай таўшчыні воласу чалавека. Пры аварыі дыска галоўка запісу-чытання можа датыкацца да дыскавай пласціны, прасякаючы барозны на яе магнітным слоі. Гэта можа быць выклікана механічным збоем альбо моцнай вібрацыяй дыскавода. Магчыма натыканне галоўкі на пылінкі. Вельмі небяспечна пашкоджанне дарожкі сістэмнага абсягу дыска: разбураюцца звесткі, якія ўказваюць месцазнаходжанне ўсіх файлаў на дыску, дыск перастае чытацца.

Авáрыя ды́ска (disk crash) — жаргоннае абазначэнне збою дыскавода. Аварыя дыскавода вядзе да непрацаздольнасці і можа прывесці да страты звестак.

Авáрыя сілкавáння (blackout) — стан, калі напружанне ў сетцы сілкавання падае да нуля — поўная страта сілкавання. Аварыя сілкавання можа пашкодзіць кампутар. Неабходныя звесткі будуць незваротна страчанымі. Найбольшая небяспека, калі аварыя сілкавання адбываецца ў момант работы дыскавода, калі ён чытае інфармацыю з дыска альбо выконвае запіс. Нават увесь дыск можа быць сапсаваны. Надзейны спосаб захаваць інфармацыю — прымяняць бесперабойныя крыніцы сілкавання з унутранай электрабатарэяй.

Авары́йна завярш́ыць (працэс) (abort) — выканаць дачаснае завяршэнне ў сувязі з памылкай. Аперацыя, якая выклікае аварыйнае заканчэнне, альбо суправаджаецца ім. Можа выконвацца з ініцыятывы таго працэсу, які прыходзіць да заключэння, што паспяховае завяршэнне немагчыма, альбо з ініцыятывы аперацыйнай сістэмы, калі ў ім пачынаюць парушацца сістэмныя абмежаванні.

Авары́йнае завяршэ́нне прагра́мы (abnormal end — abend) — незапланаванае, ненармальнае завяршэнне праграмы. З abend мы рэгулярна сутыкаемся пры рабоце з Windows — “Программа выполнила некорректную операцыю и будет закрыта”. Abend — гэта адмова прыкладнога праграмнага забеспячэння. Для адмовы аперацыйнай сістэмы прымяняецца тэрмін crash — аварыйная адмова.