Читать «Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Анри Ренье

Аднаго разу, калi я думаў пра гэта, мне прыйшла ў галаву iдэя, якая i прывяла мяне пасля ў гэтую лякарню. Я зайшоў у сабор святога Марка i, сеўшы за лаўку, засяроджана разглядаў каштоўны мармур i мазаiкi, што аздабляюць гэты цуд мастацтва. Золата, там разлiтае, зiхоткая раскоша, якая ператварыла царкву ў поўны чароўнасцi грот, загiпнатызавалi мяне. Побач з такiмi скарбамi я яшчэ больш быў прыгнечаны ўласнай беднасцю. I тут раптам, сам не ведаю чаму, мне згадаўся змест старых гарадскiх дакументаў, якiя я ранiцай гэтага ж дня гартаў у архiве. Гэта была запiска iнквiзiтараў пра нейкага нямецкага авантурыста Ганса Глуксбергера, якi сцвярджаў, што валодае таямнiцамi ператварэння металаў у золата. Ён прыехаў, каб заняцца гэтым, у сярэдзiне васемнаццатага стагоддзя ў Венецыю, дзе знайшоў шмат паслядоўнiкаў!..

Адразу розум мой як маланкаю асвяцiўся. Я адчуў, што ў мяне кружыцца галава - залатыя скляпеннi святога Марка загайдалiся нада мною. Калi гэтая дзiвосная тайна была вядомая раней, падумаў я, то чаму б не быць ёй падуладнай камусьцi сёння? Напэўна ж, ёсць людзi, якiя яе захавалi. Можна адшукаць iх сляды, зблiзiцца з iмi i з iх дапамогаю далучыцца да сакрэту ўзбагачэння.

Я прыняў рашэнне не сыходзячы з месца. Здолеў дамовiцца з роднымi, каб яны пачакалi яшчэ троху майго ўладкавання на службу, i цалкам аддаўся лiхаманкаваму вывучэнню акультных прац i алхiмiчных трактатаў. Неўзабаве я пераканаўся, што мажлiвасць здабываць золата са звычайнага металу - нiякая не байка. Ганс Глуксбергер, анi кроплi не сумняваўся я, ведаў гэтую запаветную тайну i, пэўна, перадаў знойдзеную iм формулу каму-небудзь са сваiх венецыянскiх адэптаў. Гэтая ўпэўненасць падвоiла мае сiлы, i я з яшчэ большым iмпэтам распачаў свае пошукi.

I напаткаў раптам след.

Сярод вучняў немца згадвалася нейкая графiня Барбара Грыманэлi. Гэтая панi, паводле сведчанняў сучаснiкаў, была асобаю найвыдатнейшаю i дзякуючы рэдкаму розуму за некалькi гадоў вярнула сваёй сям'i яе дужа пахiснутыя моц i багацце. Менавiта яна адбудавала нанова палац Грыманэлi i аздобiла яго фрэскамi П'етра Лонгi*. Знiклi мае апошнiя сумненнi. Раптоўным сваiм узбагачэннем графiня Барбара была абавязана дзiвоснай тайне, якою яна валодала. Валодаў ёю, ведама ж, i праўнук яе граф Адаарда!

* Лонгi П'етра - венецыянскi мастак (1702-1785).

О, ды ён жа быў добра знаёмы мне - твар гэтай графiнi Барбары! Я бачыў яго ў самым цэнтры фрэскi Лонгi, на якой графiня стаяла за картачным сталом сярод некалькiх iншых членаў сям'i Грыманэлi. Выкананыя ў натуральную велiчыню постацi i дэталёва выпiсаныя адзежа i абсталюнак да iлюзii поўнiлi кампазiцыю дыханнем сапраўднага жыцця. Графiня Барбара была высокай жанчынай з жорсткiм i фанабэрыстым выразам твару. Рука яе разгортвала аркуш паперы з кабалiстычнымi знакамi. Як толькi гэтыя знакi раней не вывелi мяне на шлях да здагадкi!