Читать «Тайна графiнi Барбары (на белорусском языке)» онлайн - страница 6

Анри Ренье

Калi я апрытомнеў, то быў ужо прывязаны рамянямi да ложка. Адаарда гаманiў з сiвабародым панам, шаноўным доктарам лякарнi на Сан Сэрвола. Мае бацькi былi побач са мною - яны плакалi. На маленькiм столiку ляжалi кляп, вяроўка i рэвальвер. На маё шчасце, я быў прызнаны вар'ятам, iнакш гэтыя рэчавыя доказы маглi б прывесцi мяне да канца шмат горшага.

А якi ж час назад мне так мала заставалася да разгадкi вялiкае тайны!.. Калi б не гэтая праклятая графiня..."

* * *

Ужо шмат гадоў прайшло з тае пары, як загубiлiся сярод мноства маiх папер прызнаннi пансiянера з вострава Сан Сэрвола, калi месяц назад я прыехаў, каб адпачыць, на два тыднi ў Венецыю.

Аднаго разу, прагульваючыся па плошчы святога Марка, я сустрэў свайго сябра Жуля д'Эскулака.

- Хадзем, зiрнем на фрэскi Лонгi з Палаца Грыманэлi, якiя мне прапаноўваюць купiць, - сказаў ён мне. - Граф Адаарда памёр нядаўна ў Лондане, i дзецi яго прадаюць iх. Яны нагадваюць фрэскi з Палаца Грасi.

Грыманэлi! Я адразу звярнуў увагу на гэтае iмя. Дзе я яго чуў?

Я пайшоў разам з сябрам.

- Шкада толькi, - сказаў ён мне па дарозе, - што фрэска вельмi папсаваная: на ёй не стае адной постацi. Здаецца, гэта здарылася гадоў дваццаць таму. Сцяна не то трэснула, не то аблупiлася. Гэтыя венецыянцы такiя нядбайныя, а граф даўно ўжо не жыў у сваiм палацы!

Мы прыйшлi ў палац. Знаходзiўся ён у Сан Стаз, зусiм непадалёк ад Вялiкага Канала. Вартаўнiк правёў нас наверх.

Фрэска Лонгi займала цэлы перасценак галерэi. На ёй была выява людзей за картачным сталом. У сярэдзiне, на самай справе, бялела вялiкая пляма.

Тады я i ўспомнiў. На месцы гэтае плямы колiсь можна было ўбачыць графiню Барбару...

I ў той час як Жуль д'Эскулак размаўляў на тутэйшай гаворцы з вартаўнiком, я адчуваў, пазiраючы на фрэску i згадваючы перапiсаны некалi дакумент, жудасную збянтэжанасць.