Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 12

Леў Мікалаевіч Талстой

Улетку гэтага года, каб неяк аблегчыць сродкі, ён узяў адпачынак і паехаў пражыць з жонкаю лета ў вёсцы ў брата Праскоўі Федараўны.

У вёсцы, без службы Іван Ільіч упершыню адчуў не толькі маркоту, але маркоту нясцерпную, і вырашыў, што гэтак жыць нельга і неабходна прымаць нейкія рашучыя захады.

Правёўшы бяссонную ноч у безупыннай хадзе па тэрасе, Іван Ільіч вырашыў ехаць у Пецярбург клапатаць і, каб пакараць іх, тых, якія не ўмелі ацаніць яго, перайсці ў іншае міністэрства.

На другі дзень, нягледзячы на ўсе жончыны і швагравы адгаворы, ён паехаў у Пецярбург.

Ён ехаў па адно: выпрасіць месца ў пяць тысяч пэнсіі. Ён ужо не трымаўся ніякага міністэрства, напрамку або роду дзейнасці. Яму патрэбна было толькі месца, месца з пяццю тысячамі, па адміністрацыі, па банках, па чыгунцы, па ўстановах імператрыцы Марыі, нават таможні, але абавязкова пяць тысяч і абавязкова трэба было выйсці з міністэрства, дзе не ўмелі ацаніць яго.

I вось гэтая паездка Івана Ільіча скончылася дзіўным, нечаканым поспехам. У Курску падсеў у першы клас Ф. С. Ільін, знаёмы, і паведаміў свежую тэлеграму, атрыманую курскім губернатарам, што ў міністэрстве адбудзецца днямі пераварот: на месца Пятра Іванавіча ставяць Івана Сямёнавіча.

Пераварот гэты, апрача свайго значэння для Расіі, меў асаблівае значэнне для Івана Ільіча тым, што ён, высоўваючы новую асобу, Пятра Пятровіча і, магчыма, яго сябра Захара Іванавіча, быў у вышэйшай ступені спрыяльны для Івана Ільіча. Захар Іванавіч быў таварыш і сябар Івана Ільіча.

У Маскве паведамленне пацвердзілася. А па прыездзе ў Пецярбург, Іван Ільіч знайшоў Захара Іванавіча і атрымаў абяцанне надзейнага месца ў сваім ранейшым міністэрстве юстыцыі.

Праз тыдзень ён тэлеграфаваў жонцы:

«Захар месца Мілера пры першым дакладзе атрымліваю прызначэнне».

Іван Ільіч дзякуючы гэтай перастаноўцы асоб нечакана атрымаў у сваім ранейшым міністэрстве такое прызначэнне, пры якім ён апынуўся на дзве ступені вышэй за сваіх таварышаў: пяць тысяч пэнсіі і пад’ёмных тры тысячы пяцьсот. Уся злосць на ранейшых ворагаў сваіх і на ўсё міністэрства была забыта, і Іван Ільіч быў вельмі шчаслівы.

Іван Ільіч вярнуўся ў вёску вясёлы, здаволены, якім ён даўно не быў. Праскоўя Федараўна таксама павесялела, і між імі ўсталявалася перамір’е. Іван Ільіч расказваў пра тое, як яго ўсе ўшаноўвалі ў Пецярбургу, як усе тыя, якія былі ягонымі ворагамі, былі пасаромлены і ўвіхаліся цяпер перад ім, як зайздросцяць яго становішчу, расказваў пра тое, як усе яго моцна любілі ў Пецярбургу.

Праскоўя Федараўна слухала і рабіла выгляд, што яна верыць у гэта, і не пярэчыла ні ў чым, а рабіла толькі планы новага жыццёвага ўладкавання ў тым горадзе, куды яны пераязджалі. I Іван Ільіч з радасцю бачыў, што гэтыя планы былі і ягонымі планамі, што яны супадаюць і што зноў ягонае пазмрачнелае жыццё набывае сапраўдны, уласцівы яму характар вясёлае прыемнасці і прыстойнасці.

Іван Ільіч прыехаў на кароткі час. 10 верасня яму трэба было прымаць пасаду і, апрача таго, патрэбен быў час, каб уладкавацца на новым месцы, перавезці ўсё з правінцыі, прыкупіць, прызаказаць яшчэ шмат чаго; адным словам, уладкавацца так, як гэта вырашана было ў ягонае галаве, і амаль дакладна так, як гэта вырашана было і ў душы Праскоўі Федараўны.