Читать «Смерць Івана Ільіча. Крэйцарава саната. Гаспадар і парабак» онлайн - страница 11

Леў Мікалаевіч Талстой

Гэтак пражыў ён яшчэ сем гадоў. Старэйшай дачцэ было ўжо шаснаццаць гадоў, яшчэ адно дзіця памерла, аставаўся хлопчык-гімназіст, прычына неладоў. Іван Ільіч хацеў аддаць яго ў Правазнаўства, а Праскоўя Федараўна на злосць яму аддала ў гімназію. Дачка вучылася дома і расла добра, хлопчык таксама вучыўся някепска.

ІІІ

Гэтак ішло жыццё Івана Ільіча на працягу семнаццаці гадоў з дня жаніцьбы. Ён ужо быў стары пракурор, які адмовіўся ад некаторых перамяшчэнняў — чакаў больш жаданага месца. I тут раптам выявілася адна непрыемная акалічнасць, якая зусім парушыла яго жыццёвы спакой. Іван Ільіч чакаў месца старшыні ва універсітэцкім горадзе, але Гопе неяк забег наперад і заняў тое месца. Іван Ільіч раззлаваўся, стаў папракаць і пасварыўся з ім і з бліжэйшым начальствам; на яго затоілі крыўду і пры наступным назначэнні яго зноў абышлі.

Гэта было ў 1880 годзе. Гэты год быў самы цяжкі ў жыцці Івана Ільіча. У гэтым годзе выявілася, з аднаго боку, што пэнсіі не хапае на жыццё; з другога — што ўсе на яго забыліся і што тое, што здавалася для яго ў адносінах да яго найвялікшай, самай жорсткай несправядлівасцю, для іншых уяўлялася зусім звычайнай справай. Нават бацька не лічыў сваім абавязкам памагаць яму. Ён адчуў, што ўсе пакінулі яго, бо лічылі ягонае становішча з 3500 пэнсіі самым звычайным і нават шчаслівым. Ён адзін ведаў, што з улікам тае несправядлівасці, якая была яму зроблена, і з вечным жончыным пілаваннем, і з даўгамі, якія ён стаў рабіць, жывучы не па сродках,— ён адзін ведаў, што ягонае становішча далёка не нармальнае.