Читать «Санеты Арфею» онлайн - страница 21
Райнэр Марыя Рыльке
ТЫ ГАВАРЫЛА МНЕ, I СМУТНА...
Ты гаварыла мне, і смутна журба таілася ў вачах — як спеў любові шматпакутнай: вось ён разліўся, вось ледзь чутна самотнай нотаю ачах. Прайшлі гады, прыйшла і ўдача, у Лету кануў твой адчай — душа пяе, і сэрца скача, ды бачу я, што моўчкі плача і рвецца, рвецца ў родны край. 1897
СУТОННЕ — КНІГА ЗАЛАТАЯ...
Сутонне — кніга залатая, аклад пурпурны. I з замка няспешна спражачку здымае мая халодная рука. Старонку першую чытаю, і шчырасць радуе мяне, з другою ціха засынаю і ўжо аб трэцяй мару ў сне. 1897
БАЮСЯ ЛЮДСКІХ Я ДАКЛАДНЫХ СЛОЎ...
Баюся людскіх я дакладных слоў. Усё людзі знаюць, усё ім відно: вось гэта — сабака, а гэта — гумно, тут бачаць канец, тут пачатак асноў. Усё людзі знаюць: што ёсць і было. Бянтэжаць мяне іх кепікі, злосць, ні бруд іх не здзівіць, ні прыгажосць — ад бога ў іх нават сад і жытло. Ганю я нячыстыя помыслы прэч, хай грае, спявае кожная рэч! А вы безразважна, з нахрапам тупым, і рэчы, і песні затопчаце ў пыл. 1897
***
Альфрэду Вальтэру Хаймелю
Дні, уяўна плывучы ад нас, к нам вяртаецеся адчувальна; мы, ператвараючы свой час, прагнем быць у часе-днях рэальна. 1907
***
Зноў мы і зноў, хоць і знаем сакрэты кахання, хоць помнім жаласны водгук імён на магілах, і жахліва раз-зяўленай прорвы прадонне, ў якое іншыя рухнулі,— зноў мы і зноў удваіх выпраўляемся з хаты пад векавечныя дрэвы на мяккую посцілку траў — кветкі цвітуць там навокал, там неба над намі... 1914
ПАЧАТАК КАХАННЯ
О ўсмешка, першая ўсмешка, наша — твая, мая. Ўдыхаць духмянасць ліп І слухаць парк маўклівы... Раптам глянь у глыбіню вачэй і... усміхніся. Ва ўсмешцы гэтай успамін пра зайца, што там, на ўлонні, бегаў па траве,— тады было яшчэ маленства ўсмешкі; О ўсмешка рухаў лебедзя, якога угледзелі мы ў шэрані вячэрняй — на сажалцы прыцішанай, прымоўклай... І верхавіны ў небе чыстым, вольным, яшчэ пакуль што не начным, не чорным, усмешкай цепляць вусны на абліччы зачараванай будучыні нашай... 1915
***
Пані Фанэт Клавэль
Той, хто душэўна замоўк, мовы карэнне кранае; кожны гук, вырасшы, мае сілу для перамог: выліць маўчання гром, выкасаць кпіны злога і з дапамогай слова зло асудзіць на злом. 1924
***
Вернаму і дзейснаму пасрэдніку
Вітальду Гулевічу (Ольвіду)
з удзячнасцю
Райнэр Марыя Рыльке