Читать «Роберцiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Дзинтра Шулце

Увiс устрывожыўся. Робат не павiнен гаварыць "не хачу". Роберцiк мог бы сказаць: "не магу", "не ўмею", "не маю права" альбо "не ведаю".

- Чаму? - запытаўся Увiс, зусiм як у чалавека.

Роберцiк не адказаў. У тое iмгненне ён быў падобны на маленькага капрызнага хлапчука ў кароткiх штонiках. Так што Увiс проста ўзяў яго за руку i вывеў з карабля.

Але з таго выпадку ўсё i пачалося.

Вясёлы i жыццярадасны Роберцiк зрабiўся маўклiвы i сумны. Ён часта доўга сядзеў адзiн на пагорку, нешта цiхенька спяваючы, i адзiнае, што ён яшчэ рабiў з задавальненнем, быў кантроль электрычных лiнiй.

Штовечар Увiс дбайна правяраў тэхнiчны стан Роберцiка. Але нiякiх адхiленняў у iм не было, усе вузлы, блокi i ячэйкi працавалi нармальна.

Ранiцамi Роберцiк больш не гатаваў.

- На кухнi занадта горача, - тлумачыў ён Увiсу, седзячы на касмадроме ў цяньку вежы кiравання. Увiс тым жа вечарам праверыў тэрмастаты. Не, усё было спраўнае.

Усходы яны, як i раней, сустракалi ўдвух, але Увiс больш не задаваў пытанняў, баючыся пачуць у адказ што-небудзь зусiм незвычайнае. Увiс разумеў, што пагражае робату, калi i iншыя заўважаць яго дзiвацтвы. Пакуль яшчэ ўдавалася выкруцiцца, спасылаючыся то на сапсаваны блок, то на разраджаныя акумулятары альбо разрэгуляваны рэжым, але калi так будзе прадаўжацца, бясконцыя няспраўнасцi могуць здацца падазронымi.

Увiс пачаў усё часцей браць Роберцiка з сабою ў далёкiя выезды, часцей даручаў правяраць лiнiю, стараючыся не пакiдаць робата без працы.

Але хутка перастала дапамагаць i гэта. Роберцiкавы капрызы станавiлiся ўсё больш вiдавочныя. То ён адмаўляўся прабыць ноч на свежым паветры, заяўляючы, што ночы на Фаiс занадта халодныя, то патрабаваў узмацнiць яго ахоўныя схемы, каб паменшыць напругу, якая праходзiла праз яго пры праверцы лiнiй... Пад час прагулак Увiс пачаў сур'ёзна гаварыць з Роберцiкам, тлумачачы яму, што ў людзей i робатаў - розныя правiлы жыцця, што робатаў, калi яны не выконваюць загадаў, можна караць, аддаваць у рамонт, замяняць альбо наогул разбiраць на часткi.

- Ну i няхай, - адказваў Роберцiк, нават не гледзячы на Увiса.

I настаў дзень, калi Роберцiк зусiм адмовiўся працаваць. Ток высокага напружання, па яго словах, быў яму небяспечны, а на лiнii можна абысцiся i без робата - можна ўключыць у ланцуг звычайныя iндыкатары, а таксама аўтатрансфарматары, якiя дарэмна пакрываюцца пылам дзесьцi ў далёкiм кутку склада.

Не дапамагалi нi ўгаворы, нi пагрозы. Спакойны i абыякавы, Роберцiк стаяў перад шасцю астранаўтамi.

- Дык ты будзеш працаваць?

- Не.

- Цябе адправяць у разборку.

- Няхай.

- Можа, ты скажаш - чаму?

- Я не хачу заставацца на Фаiс.

- Ды чаму ж?

- Фаiс - нежывая планета.

Ён казаў праўду.

Сход вырашыў паведамiць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткiм часе iм адказалi, што новы робат высланы, а Роберцiка трэба разабраць на часткi.

Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмi цяжка. Усе згаджалiся трываць Роберцiкавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць i ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забiць.