Читать «Роберцiк (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Дзинтра Шулце

У кароткiя i бясконца цудоўныя на Фаiс свiтальныя часiны Увiс з Роберцiкам нярэдка любавалiся ўзыходам сонца з-за найблiжэйшага пагорка. Аднак Роберцiк i тады больш глядзеў не на сонца, а на Увiса, таму што вiдовiшча ўсходу, аднойчы зафiксаванае ў памяцi робата, больш не цiкавiла яго. А Увiс кожны раз адметна выказваў сваю радасць i захапленне.

Калi яны вярталiся ў лагер, Увiс звычайна задаваў Роберцiку пытаннi; яму было цiкава, як робат уяўляе сабе розныя жыццёвыя з'явы.

- Роберцiк, што такое кветкi?

- Рэдкi ў Сусвеце працэс, калi неарганiчныя злучэннi ператвараюцца ў арганiчныя.

- А дождж?

- Кругазварот вадароду i кiслароду, - адразу ж адказваў Роберцiк.

Тут Увiс пачынаў расказваць пра Зямлю. Роберцiк слухаў яго ўважлiва: у такiя хвiлiны ён уяўляў сябе амаль чалавекам i адчуваў, што ў яго жалезным целе адбываюцца нейкiя незапраграмаваныя працэсы i змены; яму хацелася кудысьцi ляцець, чамусьцi спяшацца, яго хваляваў ветрык, што дзьмуў на Фаiс i звычайна адзначаўся толькi барометра-iндыкатарам. Роберцiку здавалася, што ён улоўлiвае водар кветак, якi далятае з сенажацяў Зямлi, што высока ў небе павольна лунаюць птушкi (а птушак на Фаiс нiколi не было) i што голыя схiлы гор акрываюцца зялёным дываном.

Дзень мiнаў за днём, i вось надышоў час чарговага палёту на Зямлю, каб папоўнiць запасы харчавання, вады i тэхнiчных матэрыялаў. Палёт лiчыўся нескладаным, i звычайна яго выконваў адзiн чалавек. Зразумела, кожнаму астранаўту карцела пабываць дома, таму ляталi ўсе па чарзе.

На гэты раз павiнен быў ляцець Увiс. Ён папрасiў дазволу ўзяць з сабою Роберцiка. Яму дазволiлi, бо пэўны час можна было абысцiся i без робата.

Так Роберцiк убачыў Зямлю, сапраўдную жывую планету. Дагэтуль ён ведаў толькi Фаiс. Але што такое Фаiс у параўнаннi з Зямлёй! Яркая паверхня Фаiс нагадвала ўбранне, пашытае з мноства лапiкаў аднаго колеру, Зямля ж была шматфарбная, гарманiчная i, галоўнае, жывая.

Вярнулiся яны ў дакладны час. Увiс, поўны новых уражанняў, з падвойнай сiлай узяўся за работу, не перастаючы паўтараць, як добра i спакойна дома.

Гледзячы на яго, астранаўты прыгадвалi свае першыя палёты i першыя вяртаннi i толькi ўсмiхалiся. Аднак даволi хутка iх увага пераключылася з Увiса на Роберцiка. Бо з робатам вiдавочна рабiлася нешта незразумелае.

Пачалося гэта адразу пасля палёту.

Калi карабель толькi сеў на Фаiс, Роберцiк адмовiўся пакiнуць яго. Дарэчы, пра гэта ведаў тады толькi Увiс. Замест таго каб выйсцi, Роберцiк спынiўся каля адчыненага люка, i Увiсу нават здалося, што ў звычайна абыякавым робатавым позiрку на гэты раз прамiльгнуў страх.

- Што здарылася, Роберцiк? - папытаўся Увiс.

- Нiчога, - адказаў Робат. - Проста я не хачу на Фаiс.