Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 80

Марк Твэн

Гэндон стараўся не ўтамляць хлопчыка; цяжкія пераезды, думаў ён, ды благая яда і няпоўны сон могуць блага адгукнуцца на яго здароўі; тымчасам, як умяркованы рух, адпачынак і правільны характар жыцьця, напэўна, прысьпяшыць выздараўленьне. Ён шчыра жадаў бачыць хлопчыка ў здаровым розуме, вольным ад хваравітых прыяваў, напаўняўшых яго бедную галоўку. Дзеля гэтага, ён пастанавіў не сьпяшаючыся вяртацца ў бацькаўскі дом, адкуль быў выгнаны гэтулькі гадоў назад, — замест таго, каб, пакараючыся ахапіўшай яго нецярплівасьці, без перадышкі ляцець як дзень, так ноч.

Ад'ехаўшы каля дзесяцёх міляў, нашыя ездакі дасягнулі вялікага сяла і спыніліся там на начлег у даволі добрым шынку. Ранейшыя адносіны ізноў аднавіліся між імі; Гэндон стаяў ззаду за каралём і прыслужваў яму падчас абеду; пасьля распрануў яго і палажыў у пасьцель, а сам лёг на падлозе каля дзьвярэй і ахінуўся коўдраю.

У чародныя два дні яны пакрысе пасоўваліся ўперад, расказваючы адзін аднаму пра свае прыгоды з часу разлукі; расказы гэтыя вельмі займалі кожнага з іх. Гэндон вылажыў усе свае перажываньні пры шуканьні караля; перадаў, як, архангел дурыў яго, водзячы дарэмна па лесе, як, нарэшце, бачачы, што ня можа лёгка адчапіцца, павёў яго назад да хаціны. Старык зайшоў у спальню і выйшаў адтуль з выразам зьдзіўленьня і гора на твары, — ён чакаў, як быццам, што хлопчык вярнуўся і лёг адпачыць, але яго няма. Гэндон прачакаў караля цэлы дзень; згубіўшы надзею на паварот яго, ён ізноў вырушыў у пашуканьні.

— А сьвяты айцец сапраўды бедаваў, што вашая вялікасьць не вярнуліся, — сказаў Гэндон, — па твары яго відаць. было.

— Ані не сумняваюся ў гэтым, — адказаў кароль, і расказаў сваю страшэнную гісторыю. Гэндон пашкадаваў, што ня прыкончыў архангела.

У апошні дзень падарожы настрой Гэндона быў крыху падняты. Ён ня сьціхаў гаварыць, — то расказваў пра свайго старога бацьку, пра брата Артура, прыводзіў выпадкі, рысаваўшыя іхнюю чэснасьць; то з уцехаю й любасьцю спамінаў пра сваю Эдыту, і наагул быў гэтак радасна настроены, што навет аб Гью выказаўся дабрадушна, пабратэрску. Доўга яшчэ расказваў ён аб сустрэчы ў Гэндон-Голі, якая была наперадзе. Якая гэта будзе неспадзяванасьць для ўсіх, якая радасьць!

Дарога цягнулася па прыгожай мясцовасьці, усеянай котэджамі і садамі сярод шырокіх сенажацяў, якія, дзякуючы чяроўнаму грунту, напаміналі бурнае мора. Пасьля паўдня, блудны сын, які вяртаўся пад бацькаўскую страху, няраз схіляў з дарогі, прабуючы з якога-нібудзь прыгорку хаця здалёк разглядзець свой дом. Нарэшце, гэта яму ўдалося, і ён неспакойна выгукнуў.

— Вун, гаспадару, вёска, а тамака далей і наш замак. Глянь, і вежы відаць адсюль. А вось лясочак здалёк — гэта бацькаўскі парк. Пабачыш, якая там роскаш, якое багацьце! Семдзесят пакояў — падумай толькі! Адных слугаў дваццаць сем чалавек. Добрая кватэра для гэткіх малайцоў, як мы з табою. ну, цяпер пасьпяшаймася, я смажуся ад нецярплівасьці.