Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 74
Марк Твэн
Усе спробы зрабіць караля карысным сябром шайкі засталіся няўдачнымі. Ён упарта адмаўляўся пакарацца трэбаваньням; мала таго, заўсёды прабаваў уцякаць. У першы дзень пасьля павароту, яго скіравалі па здабычу ў нечую кухню; ён ня толькі вярнуўся з пустымі рукамі, але яшчэ падняў на ногі гаспадароў. Паслалі былі яго з меднікам — памагаць яму красьці; ён адмовіўся „працаваць", ды яшчэ замахваўся на медніка яго-ж нітавальнікам, — так што яму і Гьюго толькі і клопату было, што глядзець на ўсе вочы, каб ён ня ўцёк. Ён пушчаў пяруны на галовы ўсіх, хто сьціскаў яго волю, альбо начапляў на яго работу. Выправілі яго пад наглядам Гьюго, з абадранаю, гразнаю жанчынаю і хворым дзіцянём, жабраваць — ён ні за што не хацеў пабірацца ці наагул дзеяць разам з імі.
Гэтак прайшло некалькі дзён. Беды й цяжары бадзяцкага жыцьця, галіта, гадасьць і грубасьць паступова рабіліся несьцярпімымі дзеля нявольніка, яму прыходзіла да галавы, што ратунак ад нажа пустыньніка, ў лепшым выпадку, зьяўляецца для яго толькі адсрочкаю пагібелі. Уночы ён запамінаў пра ўсе беды і сьніў, што ён ізноў кароль, на пасадзе. Гэта, ведама што, ўмацоўвала яго пакуту, калі ён абуджаўся; з кожны днём, які ён быў у няволі, мукі яго рабіліся ўсё жахоўней і несьцярпімей.
На другое раньне пасьля спатычкі з каралём, Гьюго ўстаў поўны думак аб помсьце. Два пляны былі, галоўным чынам, выбраны ім. Адзін быў у тым, каб панізіць горды розум хлопчыка і яго ўяляную каралеўскую вартасьць; а ў выпадку няўдачы гэтага, пусьціць у ход другі спосаб: зваліць на яго якое-нібудзь праступленьне і выдаць яго ў рукі неўмалімага суда.
Дзеля прывядзеньня ў выкананьне першага пляну, ён задумаў накласьці навязку на нагу хлопчыку, саўсім правільна разважаючы, што гэткім чынам давядзе яго да адчайнасьці; а калі навязка пачне дзеяць, ён пры падмозе Канці, прымусіць яго скіравацца на вялікую дарогу жабраваць, выстаўляючы на показку хворую нагу. Раны рабіліся масьцяй альбо прыпаркаю з нягашанае вапны, мыла і жалезнае іржы; гэтая мешаніна нашмароўвалася на кавалак раменю і шчыльна прывязвалася да нагі. Спачатку павінна была зьлезьці скура і адкрыцца мяса; пасьля рана зьверху пакрывалася крывёю, якая, засохшы, прымала чорны, адпіхальны выгляд; зьверху з разьлічанаю неахайнасьцю накладалася навязка, так каб праціўную балячку было відно і каб яна выклікала спачуцьцё ў падарожных.
Гьюго заручыўся падмогаю медніка, якому кароль нядаўна прыгразіў нітавальнікам. Яны павялі хлопчыка, і як толькі згубілі з віду свой табор, пакацілі яго, пры гэтым меднік трымаў яго, Гьюго накладаў яму на нагу тугую павязку.