Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 54

Марк Твэн

Зьявішча было прыгожае і прыемнае. Томава сэрца моцна стукацела, вочы блішчалі радасьцяй. Ён трымаўся вольна і грацыёзна, якраз таму, што й ня думаў, як трэба трымаць сябе; думка яго была занята, захоплена вясёлым абразком ды радаснымі гукамі. Дый хто-ж можа здавацца няпрыгожым, апрануўшыся ў далікатны, быццам выліты, касьцюм, асабліва, калі ён хоць крыху прывык насіць яго ды ня думае аб ім. Том памятаў, што яму наказана было, і адказваў на прівытаньні лёгкім, нахілам галавы й міласьцівымі словамі: „Дзякую мой добры народ!"

Ён, ані ня стыдаючыся, сеў за стол, ня скідаючы капялюша, — бо звычай есьці з пакрытаю галавою быў адзіным, у якім не разыходзіліся каралі і людзі разбору Канці: і тыя й гэтыя роўна і здаўна трымаліся яго. Працэсія разьбілася на некалькі маляўнічых групаў, што заставаліся з непакрытымі галовамі.

Тут, пад гукі вясёлага маршу, ўвайшоў у залю аддзел каралеўскае гвардыі, — ўсё рослы й здаровы народ, старанна падабраны, — але хай лепш гаворыць сам летапісец,

„Гвардзейцы ўвайшлі са скіненымі шапкамі, апранены яны былі ў пунцовыя вопраткі, з вышытымі залатымі рожамі на плячох: яны выходзілі й вярталіся, нясучы ўсялякія зьмены страваў. Стравы гэтыя перадаваліся асобнаму джэнтльмэну, які ставіў іх на стол, пасьля чаго „каштавальнік" даваў кожнаму гвардзейцу зьесьці крыху тае стравы, якую ён прынёс, — усё гэта рабілася з баязьлівасьці, каб не атруціцца".

Том, як мае быць, паабедаў, ня гледзячы на тое, што пачуваў, як сотні вачэй сачылі за кожным пасыланым ім у рот кавалкам з гэткаю цікавасьцю, быццам ён глытаў якую-нібудзь руйнацкую, падрыўную штуку, ад якое яго магло разарваць на кавалкі і разьмясьці па залі. Ён стараўся не сьпяшацца, а таксама нічога не рабіць самому, але чакаць, пакуль асобная ўрадовая асоба ня схіліць калена ды ня зробіць, што трэба. У працягу ўсяе яды ён не дапусьціў ніводнае памылкі — трыумф яго быў поўны.

Калі, нарэшце, абед скончыўся і Том выйшаў з залі, праводжаны сваёю бліскучаю сьвітаю, пад вясёлыя гукі трубаў, гром бубноў ды гоман гучных прывітаньняў, дык ён падумаў, што публічныя абеды ня гэткая ўжо й няпрыемнасьць і што ён не адмовіўся-б абедаць па некалькі разоў на дзень, калі-б гэтым мог адкупіцца ад некаторых, болей цяжкіх, трэбаваньняў каралеўскага сану.

Разьдзел XVII. Кароль Фу-Фу Першы.

Майльс Гэндон сьпяшаўся ў кірунку Саузсуорскага боку мосту, аглядаючы ўсіх праходзіўшых, з надзеяй наганіць тых, каго шукаў. Аднак-жа, яму прышлося расчаравацца. Дзякуючы распросам, ён ішоў па гарачых сьлядох да самага Саузсуорку, але тут сьляды губляліся, і трудна было рашыць, куды скіравацца далей. Ўсё такі ён да самага вечару не пакідаў спробаў дабіцца мэты. Ноч застала яго стомленым, галодным, і настолькі-ж далёкім ад якога-нібудзь рэзультату, як і раней. Зайшоўшы ў Табардзкі готэль, ён павячэраў і лёг спаць, разьлічаючы ўстаць раненька ды добра пашукаць у горадзе. Ён ня сьціхаў думаць і строіць пляны, — „а хлопчык, бязумоўна, пастараецца ўцячы ад нягодніка, што выдае яго за яго бацьку," — разважаў ён, — „але-ж ці вернецца ён у Лёндан, каб знайсьці сваю ранейшую кватэру? Не, гэтага ён ня зробіць, баючыся ізноў папасцца. Што-ж яму настаецца? Ня маючы дасюль на ўсім сьвеце ні прыяцеля, ні апякуна, ён, нарэшце такі, знайшоў яго, Майльса Гэндона — і саўсім натуральна, што ён пусьціўся шукаць свайго прыяцеля, калі яму не стаіць наперадзе ісьці ў Лёндан дый зноў трапляць у небясьпеку. Хлопчык пасунецца ў Гэндон-Голь — гэта напэўна, бо яму вядома, што Майльс вяртаецца дадому, і там вось яны могуць сустрэцца. Ага, справа ясная. Няма чаго болей марнаваць часу ў Саузсуорку, трэба проста вырушыць, Цераз Кэнт, у Монксгольм, пашукаць у лесе, а па дарозе, як і раней, распытвацца ў падарожных. Але вернемся да згінуўшага караля.