Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 29

Марк Твэн

Даехаўшы да Даўгэйту, флёт падцягнуўся да сьветлых водаў Уольбурку (канал якога вось ужо два сталецьці як зьнік пад масаю будынкаў), скіраваўся да Бёкльсбёры, праяждаючы каля дамоў і пад мастамі, укрытымі многалюднымі зборышчамі вясёлага народу й раскошна ілюмінованымі, і, нарэшце, спыніўся ў вадазборніку, дзе цяпер Бардж-ярд, у цэнтры старога лёнданскага Сіці. Вылезшы тутака, раскошная працэсія прайшла Чыпзайд, Ольд-Джуры, Бэсінголь-стрыт да Гільдголю.

Том і маленькія лэді, з устаноўленаю цэрэмоніяй, прыняты былі лёрд-мэрам і заправіламі сіці, у залатых ланцугох і пурпуровых формах; іх правялі да раскошнага балдахіну, зробленага ў вялікай залі, з гэрольдамі, гарадзкім жэзлам і мечам наперадзе. Лёрды і лэді, на абавязку якіх было прыслужваць Тому і яго маленькім дружкам, занялі месца ззаду за іхнімі крэсламі.

За другім сталом, крыху далей, сядзелі прыдворныя саноўнікі і важныя госьці разам з мясцовымі вяльможамі; розначынцы памясьціліся за масаю сталоў, запоўніўшых большую часьць залі. З высаты свае, волаты Гог і Магог, старадаўнія апякуны сіці, пазіралі на тое, што адбывалася ўнізе, вачыма, прывыкшымі да гэтага ў працягу масы пакаленьняў. Пачуўся трубны гук, і паважны дварэцкі зьявіўся на высокім пляцы левых дзьвярэй, праводжаны слугамі, нёсшымі, з важнаю ўрачыстасьцю вялізны, абняты параю, ростбіф.

Пасьля малітвы Том (згодна з настаўленьнем) устаў, і ўсе прысутныя зрабілі тое самае; ён надпіў з вялікае залатое браціны, перадаў яе прынцэсе Ажбеце, лэді Джэні, і затым яна абыйшла ўсё сабраньне. Гэтак пачаўся банкет.

Апоўначы баль быў у поўным разгары. Пачалося адно з тых маляўнічых прадстаўленьняў, якія гэтак любілі калісьці. Апісаньне яго дасюль засталося ў жывой перадачы сьведкі-летапісца:

„Пасьля таго, як ачысьцілі месца, увайшлі спачатку барон і граф, апраненыя ў турэцкія халаты з залатымі блішчасткамі; на галаве ў іх былі шапачкі з малінавага машасту з утканымі золатам башлыкамі; з боку, на доўгіх залатых перавязях, віселі шаблі. Пасьля ўвайшлі яшчэ барон і граф у доўгай вопратцы з жоўтага атласу, з малінавымі і белымі вышыўкамі ў расейскім духу, з шапкамі з барсуковых скурак; абутыя яны былі ў боты з задранымі ўгару доўгімі насамі; кожны з іх трымаў у руцэ сякеру. Пасьля іх зьявіўся рыцар, лёрд-адмірал і з ім пяцёх вяльможаў у камзолах з малінавага машасту, з глыбокімі выразамі сьпераду і ззаду, сьцягненымі на грудзёх сярэбранымі ланцугамі; зьверху на гэтым кароткія накідкі з малінавага атласу, а на галовах былі шапачкі, як у танцораў, з фазановымі пёрамі, — былі яны апранены паводлуг прускае моды. Сьвячуры, якіх было каля сту чалавек, насілі во-пратку з малінавага атласу з зялёным, як у маўраў, і начарнілі сабе твары. Пасьля ішлі мімы, за імі замаскованыя мэнэстрэлі, — усе скакалі. Лёрды і лэді таксама скакалі з гэткім жарам, што люба было паглядзець".

У той час, як Том, са свайго высокага крэсла, глядзеў на гэтыя „шалёныя" скокі, не перастаючы дзівіцца з нявымоўнае рознаколернасьці багата апраненых фігураў, што віхрам круціліся перад ім, — абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі трэбаваў узнаўленьня сваіх правоў, ганіў самазванца і дамагаўся, каб яго дапусьцілі ў пакоі Гільдголю. Натаўп нямала пацяшаў гэты выпадак, — некаторыя стараліся праціснуцца наперад, выцягвалі шыі, каб паглядзець на маленькага мяцежніка. Іншыя пачалі жартаваць і сьмяяцца з яго, з мэтаю раздразьніць яго і выклікаць яшчэ большае шаленства, якое здавалася ім забаўным. Горкія сьлезы выступілі ў хлопчыка на вачох, але ён бараніў свае правы і зусім пацарску адбіваў напады натаўпу. Пайшлі новыя зьдзекі й насьмешкі, зачапіўшыя яго, і ён гукнуў: