Читать «Прынц i жабрак» онлайн - страница 22
Марк Твэн
Ён заплюшчыў вочы, нешта прашаптаў і сьціх. Пасьля нейкага часу ён расплюшчыў вочы, бессэнсоўна пачаў аглядацца навакола, пакуль пагляд яго ня спыніўся на ўкленчыўшым лёрдзе-канцлеры. Раптам твар яго пасінеў ад гневу.
— Як ты яшчэ тут! — закрычаў ён. — Прысягаю Богам, калі ты ня ўчыніш расправы з гэтым здраднікам, дык заплаціш галавою.
— Вашая вялікасьць, малю аб літасьці. Я чакаў пячаткі.
Ты звар'яцеў ці што? Малая пячатка, якую я раней меў звычай брзць з сабою ў дарогу, знаходзіцца ў маёй скарбонцы. Калі вялікая дзяржаўная пячатка, зьнікла, дык хіба-ж не даволі малое? З глузду ты зьехаў? Ідзі! I слухай: не зьяўляйся мне без яго галавы.
Бедны канцлер пасьпяшыў пакінуць гэтак небясьпечнае суседзтва; камісія таксама не замарудзіла выказаць каралеўскую згоду на рашэньне лісьлівага парлямэнту, і на чародны дзень назначана была казьнь першага пэра Англіі, няшчаснага гэрцога Норфольскага.
Разьдзел IX. Парад на рацэ.
А дзесятай гадзіне ўвечары вялізны надрэчны бок палацу зіхацеў агнямі. Уся рака ў бок Сіці, наколькі магло хапіць вока, была гэтак густа ўсеяна чайкамі й баркамі дзеля катаньня, паўквечванымі рознымі лятарнямі і ціха калыханымі хвалямі, што падобна была да яснае, бесканечнае квяцярні, крыху хістанае летнім ветрыкам. Вялікая тэраса каменных сходкаў, што спушчаліся да ракі, даволі прасторная на тое, каб зьмясьціць цэлую армію нямецкага князьства, прадстаўляла маляўнічы выгляд, дзякуючы радом каралеўскіх алебардаўцаў у блішчастай зброі й натаўпу хораша апраненых слугаў, снаваўшых узад і ўперад у завірусе рыхтаваньня да ўрачыстасьці.
Але вось пачулася каманда і на ступенях не засталося ніводнае жывое істоты. Цяпер у паветры навісла ціша чаканьня. На вялізарным прасторы можна было бачыць, як масы народу паднімаліся ў чайках, засланялі вочы ад сьляпіўшага сьвятла лятарняў і факелаў і глядзелі ў бок палацу.
Цэлы шых з сараку ці з пяцьдзесят харошых барак пад'ехаў да сходкаў. Яны былі багата пазалочаны, і іхнія высокія насавыя й бакавыя часьці былі ўквечаны мудраю разьбою. Некаторыя былі паўквечваны сьцягамі й вымпэлямі, некаторыя парчою й тканінамі з вышытымі гэрбамі; іншыя рабелі шаўковымі сьцягамі з масаю прышытых да іх сярэбраных звончыкаў, якія пры кожным павеве ветру заліваліся ціхім, радасным гукам; іншыя розьніліся яшчэ большымі выдумкамі, таму што належалі да вяльможаў з прынцавай сьвіты, і ўмацавалі на бакох шчыты, раскошна размалёваныя фамільнымі гэрбамі. Кожная каралеўская барка цягнулася веславою шлюпкаю; апрача весьляроў у ёй былі ваякі з зіхацеўшымі шаломамі й панцырамі ды хор музыкаў.
Авангард чаканае працэсіі, складзены з аддзелу алебардаўцаў, зьявіўся каля галоўнае заставы. На іх былі порткі з палоскамі чорнага й чырвона-бурага колеру, машастовыя шапачкі, ўквечаныя з бакоў сярэбранымі рожамі, чырвоныя й сінія курткі, з вышытымі золатам на грудзёх і на плячох трома пярынкамі — гэрбам насьледнага прынца. Дрэўкі алебардаў былі абшыты малінавым машастам, прымацованыя залатымі штыфцікамі, і ўвешаны кутасамі. Прадэфіляваўшы направа й налева, яны ўтварылі дзьве доўгія шарэнгі, што цягнуліся ад брамы палацу да берагу ракі. Паміж імі быў разасланы слугамі ў парчовай адзежы таўсты пярэсты дыван. Пасьля гэтага з палацу пачуліся гукі трубаў. Музыкі ў чайках зайгралі вясёлую прэлюдыю; два гофмайстры з белымі булавамі выступілі з галоўнага ўваходу мернаю й вялічаваю хадою. За імі йшоў вурэднік з гарадзкім жэзлам і пасьля другі з мечам; пасьля некалькі сержантаў гарадзкое варты ў параднай форме, з значкамі на рукавох; прэзэс капітулу ордэну Падвязкі ў мантыі; далей рыцары ордэну Бані, з белымі стужкамі на рукавох, і зброяносы; судзьдзі ў ясна-чырвоных мантыях і шапачках; пасьля лёрд вялікі канцлер Англіі ў пурпурнай адзежы, з выразам наперадзе, аблямованым вавёрчынай скуркаю; дэпутацыя гарадзкое управы ў адзежы чырвонага колеру; нарэшце, старшыні розных гарадзкіх арганізацыяў у ўстаноўленай форме. Вось зьявіліся на сходках дванаццаць французаў-джэнтльмэнаў у блішчастых камзолах з белае камчатнае матэрыі, затканае золатам, у кароткіх накідках з малінавага машасту, падбітых чырвонаю подбіўкай, і ў панчохах колеру цела. Яны складалі сьвіту францускага амбасадара. За імі йшлі дванаццаць кавалераў сьвіты гішпанскага амбасадара, апраненых у чорны машаст бяз ніякіх упрыгажэньняў. Працэсію замыкалі некалькі ангельскіх вяльможаў са сваімі слугамі.