Читать «Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)» онлайн - страница 3

Мопассан Ги Де

А раптам ён натрапiць на цэлую французскую армiю? Салдаты з авангарда палiчаць яго за лазутчыка, за якога-небудзь дзёрзкага i хiтрага ваяку, якi адважыўся пайсцi ў разведку адзiн, яны пачнуць у яго страляць. I ён ужо чуў бязладную пальбу салдатаў, залеглых за хмызамi, уяўляў, як ён, стоячы пасярод голага поля, валiцца прадзiраўлены, як друшляк, кулямi, i адчуваў, як яны ўваходзяць у яго цела.

З адчаем ён зноў сеў на зямлю. Яго становiшча здавалася яму безвыходным.

Ужо зусiм сцямнела, прыйшла маўклiвая, чорная ноч. Вальтэр Шнафс не варушыўся i толькi ўздрыгваў пры кожным невыразным, незразумелым гуку, што даносiўся да яго з цемры. Тупаценне труса каля сваёй нары ледзь не прымусiла яго кiнуцца наўцёкi. Кугаканне савы кроiла яму сэрца, працiнала душу раптоўным жахам, аддавалася болем ва ўсiм целе, бы незагоеная рана. Ён з усяе моцы таропiў вочы, намагаючыся нешта ўбачыць у змроку; i ўвесь час яму вярзлося, што побач нехта ходзiць.

Пасля доўгiх, бясконцых гадзiн i пачварных жахаў ён нарэшце заўважыў, што неба над страхой з пераблытанага галля пачынае святлець. Ён адчуў неймаверную палёгку, усё яго цела расслабiлася, напружанне адразу знiкла, сэрца ўлеглася, вочы заплюшчылiся.

Ён заснуў.

Калi ён прачнуўся, сонца было ўжо амаль у зенiце, быў поўдзень. Змрочная цiшыня палёў не парушалася нiякiмi гукамi, i Вальтэр Шнафс раптам заўважыў, што яго мучыць шалёны голад.

Яму пачало пазяхацца, успамiны пра кiлбасу, добрую салдацкую кiлбасу наганялi поўны рот асцы; у страўнiку шчымела.

Ён устаў, прайшоў некалькi крокаў, але адчуў вялiкую слабасць у нагах i зноў сеў, каб падумаць. Яшчэ гадзiны дзве цi тры ён узважваў усе за i супраць, сто разоў мяняў рашэнне, адчуваў сябе няшчасным, змагаючыся з сваёю нерашучасцю, i зноў пакутаваў ад самых супярэчлiвых довадаў.

Нарэшце яму прыйшла, здаецца, лагiчная i разумная думка - дапiльнаваць на дарозе адзiнокага вяскоўца, у якога не будзе нi зброi, нi якой-небудзь небяспечнай прылады працы, кiнуцца да яго i як мага даходлiвей растлумачыць, што ён здаецца.

Ён зняў каску, шышак якой мог яго выдаць, i з вялiкаю засцярогай высунуў галаву праз дзiрку ў сваiм сховiшчы.

Нiдзе, да самага далягляду, не было вiдаць нiводнай жывой душы. Справа стаяла вёска, над стрэхамi хат у неба падымаўся лёгкi дымок - гатавалi ежу! А злева па-над верхавiнамi дрэў, пасаджаных абапал шырокага гасцiнца, узвышаўся вялiзны замак з вежамi па баках.

Ён чакаў да самага вечара, страшэнна пакутуючы ад голаду, але бачыў толькi варон i чуў толькi глухое бурчанне ў пустым жываце.

I зноў над iм згусцiлася ноч.

Ён зашыўся глыбей у сваёй схованцы, лёг на зямлю i заснуў. Усю ноч яго калацiла, нiбы ў лiхаманцы, яго даймалi кашмары - гэта быў сон галоднага, спакутаванага чалавека.

Над галавой пачынала займацца на новы дзень. Ён вярнуўся на свой назiральны пункт. Але, як i ўчора, у палях было пуста; i розум Вальтэра Шнафса працяў новы жах - жах памерцi з голаду! Ён ужо бачыў: вось ён ляжыць на дне гэтай канавы, на слiне, з назаўжды заплюшчанымi вачыма. I звяры, усялякiя маленькiя звярочкi збягаюцца да яго трупа i пачынаюць яго раздзiраць, грызуць, лезуць пад адзенне, каб адкусiць яшчэ адзiн кавалак халоднага цела. I вялiзны чорны крумкач дзяўбе яму вочы востраю глюгай.