Читать «Прыгода Вальтэра Шнафса (на белорусском языке)» онлайн - страница 2

Мопассан Ги Де

Ён маланкай праляцеў скрозь шчыльнае покрыва з пераплеценых галiн i вострых шыпоў, якiя параздзiралi яму рукi i твар, i цяжка чвякнуўся задам на каменную крушню.

Адразу падняўшы вочы, ён убачыў над сабой, у прасечанай яго целам дзiрцы, чыстае неба. Гэтая здраднiцкая дзiрка магла яго выдаць, i Вальтэр Шнафс асцярожлiва, ракам, як мага хутчэй папоўз у глыб зарослай густым хмызняком канавы, аддаляючыся ад месца бойкi. Нарэшце ён спынiўся, сеў i прытаiўся, як трус у высокай сухой траве.

Нейкi час ён яшчэ чуў стрэлы, крыкi i енк. Потым шум бойкi пачаў згасаць i нарэшце змоўк. Усё вакол зноў стала цiха i спакойна.

Раптам нешта варухнулася побач з iм. Ён з жахам падскочыў. Гэта была маленькая птушка, - галiнка, на якую яна села, шапацела леташнiм лiсцем. Амаль гадзiну сэрца Вальтэра Шнафса шалёна калацiлася ад спалоху.

Наблiжалася ноч, яр запаўняўся змрокам. I салдата пачалi апаноўваць думкi. Што ж з iм цяпер будзе? Што яму рабiць? Вярнуцца ў войска, да сваiх?.. Але як? I кудой? I тады яму зноў давядзецца пачаць гэта жудаснае жыццё, якiм ён жыў ад самага пачатку вайны, - жыццё, поўнае кашмараў i жахаў, стомы i пакут! Не! Ён быў няздольны адважыцца на гэта! Яму не стане сiлы, каб зноў перажыць гэтыя доўгiя маршы, зноў штохвiлiны рызыкаваць сваiм жыццём.

А што ж тады? Не можа ж ён заставацца ў гэтым яры i чакаць, пакуль скончацца ваенныя дзеяннi. Вядома, не. Каб не трэба было есцi, такая перспектыва не вельмi засмуцiла б яго, але есцi было трэба, i кожны дзень.

А ён быў адзiн, са зброяй, апрануты ў унiформу, на варожай тэрыторыi, далёка ад тых, хто мог бы яго абаранiць. Дрыготка прабягала па яго целе.

Раптам ён падумаў: "Хай бы мяне ўзялi ў палон!"

I яго сэрца забiлася ад жадання, шалёнага, нястрымнага жадання стаць палонным французаў. Трапiць у палон! Тады ён будзе ўратаваны, накормлены, прытулены, схаваны ад куль i шабляў, пазбаўлены ўсякага страху, у добрай турме, з добраю вартай! Трапiць у палон! О якая мара!

I рашэнне было прынята адразу:

- Я здамся.

Ён падняўся з рашучым намерам не адкладаючы нi на хвiлiну здзейснiць свой план. Але так i застаўся стаяць, апанаваны прыкрымi думкамi i новымi засцярогамi.

Дзе ж ён здасца? Як? Каму? I жахлiвыя карцiны, карцiны смерцi напоўнiлi яго душу.

Яго можа чакаць страшэнная небяспека, калi ён вось так, у сваёй касцы з шышаком, пойдзе адзiн па палях.

Раптам ён натрапiць на сялян? Гэтыя сяляне, калi яны ўбачаць прусака, заблуднага i безабароннага прусака, - яны заб'юць яго, як бадзяжнага сабаку! Яны папрапорваюць яго сваiмi вiламi, пасякуць матыкамi, рыдлёўкамi, парэжуць косамi! Яны зробяць з яго катлету, кашу, будуць бiць апантана, з роспаччу, як гэта робяць пераможаныя людзi.

А раптам ён натрапiць на вольных стралкоў? Гэтыя вольныя стралкi, злыднi, якiм няма нi закону, нi парадку, яны застрэляць яго проста так, каб пасмяяцца, каб забавiць гадзiну, каб пацешыцца, гледзячы на яго тоўстую i спалоханую фiзiяномiю. I ён ужо бачыў, як яго ставяць да сцяны, а насупраць падымаецца тузiн ружэйных руляў, якiя, здаецца, глядзяць на яго вачыма сваiх круглых i чорных дзiрак.