Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 73
Жорж Сименон
Раптам у вачах у яго прамільгнула трывога. Перамяніўшы голас, ён спытаў:
— Скажыце, Эрнэст напраўду скончыў жыццё самагубствам?
А што, калі яго падманулі, каб прымусіць гаварыць?
— Калі зразумеў, што праўды не схаваць… А ўцяміў ён гэта, калі я арыштаваў вас… Ён здагадаўся, што я пайшоў на арышт толькі дзеля таго, каб даць яму час падумаць…
Дайшоўшы да пірса, яны спыніліся. Перад імі паволі праходзіў «Сэн-Мішэль». З гордасцю круцячы штурвалам, шхуну вёў нейкі стары рыбак.
Тут нехта падбег да натоўпу на пірсе, адштурхнуў аднаго, другога і ўскочыў на палубу шхуны.
Вялікі Луі!
Ён уцёк ад жандараў, сарваў кайданкі! Адштурхнуўшы рыбака, Луі схапіў руль у свае рукі.
— Цішэй, няхай на вас!.. Шхуну загубіце! — з усяе сілы крыкнуў ён матросам з буксіра.
— А астатнія двое? — спытаўся Мэгрэ ў Раймона.
— Сёння раніцай вы былі за метр ад іх. Яны абодва схаваліся ў пуні ў старой сялянкі…
Люка, прадзіраючыся праз натоўп, набліжаўся да Мэгрэ. На твары ў яго было здзіўленне: не чакаў ён убачыць тут побач з камісарам Марціно.
— Вы ведаеце, мы іх узялі!..
— Каго?
— Ланэка і Сэлестэна…
— Яны тут?
— Жандары з Дзіў толькі што даставілі.
— Ну, дык скажы, каб іх выпусцілі. І няхай абодва ідуць у порт…
Насупраць іх бачны быў дом капітана Жарыса і сад, у якім у начную буру зляцелі з ружаў апошнія пялёсткі. За фіранкаю — постаць Жулі. Убачыўшы на палубе брата, яна не паверыла вачам.
Каля шлюза партавікі сабраліся вакол капітана Дэлькура.
— Ну і намучыўся ж я праз іх цьмяныя адказы! — уздыхнуў Мэгрэ, кіўнуўшы на маракоў.
Раймон усміхнуўся:
— Гэта ж маракі!
— Я ўжо ведаю, што гэта за людзі. Не любяць яны, калі сухапутныя тыпы, як я, лезуць у іх справы!
Пальцам ён умінаў тытунь у сваёй люльцы. Запаліўшы, спытаўся:
— Што ім сказаць?..
Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Ці трэба казаць гэтым людзям, што забойца — ён?
— Можна было б, — пачаў быў Раймон…
— Не ведаю! Скажу, відаць, што нейкая даўняя гісторыя. Адзін замежны марак адпомсціў і ўцёк…
Маракі з буксіра паволі ішлі ў шынок і знакамі клікалі шлюзаўшчыкоў.
А Вялікі Луі імкліва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, — гледзячы на яго, камісар міжволі прыгадаў сабаку, які, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы і не змянілася…
— Гэй! — крыкнуў яму Мэгрэ.
Матрос аж падскочыў. Але падысці да камісара ці пакінуць шхуну ён не рашаўся. А калі ўбачыў раптам, што Раймон на волі, здзівіўся не менш за Люка: