Читать «Порт у тумане» онлайн - страница 2
Жорж Сименон
За тэлеграмай прыехала жанчына, дакладней будзе сказаць — дзяўчына. І вось яна ў кабінеце ў Мэгрэ. Твар стомлены, са слядамі памады і пудры. Завуць яе Жулі Легран, яна — служанка «гэтага чалавека».
Зрэшты, таго ўжо больш так не называюць, бо ведаюць, хто ён такі.
Гэта Іў Жарыс, былы капітан гандлёвага флоту, цяпер начальнік вістрэамскага порта.
Жулі плача. Яна нічога не разумее! Упрошвае свайго гаспадара сказаць ёй хоць слова. А той адно глядзіць на яе пяшчотна і зычліва — як і на ўсіх астатніх.
Капітан Жарыс знік з Вістрэама шаснаццатага верасня. Цяпер канец кастрычніка.
Што здарылася з ім за гэтыя паўтара месяцы?
«У той вечар ён як звычайна, — расказала Жулі, — пайшоў у порт на начное шлюзаванне. Я легла спаць. А назаўтра, устаўшы, не знайшла яго ў доме…»
Спачатку вырашылі, што Жарыс няўдала ступіў і ўпаў у ваду — які ж густы быў у той вечар туман. Шукалі яго бусакамі. Пасля падумалі, што капітан уцёк, — была, відаць, на тое нейкая прычына.
— Лізьё! Прыпынак тры хвіліны.
Каб размяцца, Мэгрэ выйшаў на платформу, зноў набіў люльку. Ён ужо столькі паліў у дарозе, што ў купэ стала шыза.
— Цягнік адпраўляецца!
Жулі скарысталася адсутнасцю Мэгрэ і прыпудрыла кончык носа. Вочы ў яе яшчэ чырвоныя ад слёз.
Дзіўна, але яна то здаецца прыгожай і нават вытанчанай, то невядома чаму робіцца раптам няўклюдай, манеры якой проста бянтэжаць.
Цяпер яна папраўляе парык на галаве ў капітана, свайго «гаспадара», як сама яго называе. Робячы гэта, Жулі глядзіць на Мэгрэ, нібыта заяўляе: «Гэта маё права — даглядаць яго!»
Сям'і ў Жарыса няма. Ужо шмат гадоў Жулі жыве ў яго доме. Капітан называў яе сваёй ахмістрыняй.
«Ён любіў мяне, як родную дачку», — усхвалявана падкрэсліла Жулі.
Ворагаў у яго не было! Чалавек самавіты, ніякіх благіх звычак не меў.
Пасля трыццацігадовай службы на моры ён не змог прывыкнуць да бяздзейнасці і, нягледзячы на пенсійны ўзрост, папрасіў назначыць яго начальнікам вістрэамскага порта. Збудаваў сабе ў гарадку маленькі домік…
І вось увечары шаснаццатага верасня ён раптам знікае, а праз паўтара месяцы аказваецца ў Парыжы ў гэтакім выглядзе!
Жулі проста сумелася, калі ўбачыла свайго гаспадара ў шэрым крамным гарнітуры. Яна прывыкла бачыць яго толькі ў форме марскога афіцэра.
Яна нервуецца, ёй не па сабе. Кожны раз, калі глядзіць на капітана, на твары ў яе і замілаванасць, і няясны страх, і нейкая неадольная трывога. Гэта, вядома, ён, яе «гаспадар», але ў той жа час і не зусім ён.
«Ён паправіцца, праўда?.. Я буду яго даглядаць…»
Па шкле сцякаюць цяжкія кроплі. Вагон уздрыгвае, і масіўная галава Мэгрэ ківаецца з боку на бок… Камісар спакойна назірае за спадарожнікамі. Жулі, мусіць, думае, што можна было ўсё-такі абысціся, як яна казала, вагонам трэцяга класа — гэтак яна звычайна і робіць. Жарыс час ад часу прачынаецца і азіраецца, нічога не разумеючы, па баках.
Яшчэ адзін прыпынак у Кане, пасля — Вістрэам.
«У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, — сказаў камісару адзін саслужывец, родам з тых мясцін. — Порт невялікі, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якім праходзяць караблі ў пяць тысяч тон і болей».