Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 92

Пьер Буль

План Карнэлiя быў выкананы адмыслова. Нiхто не заўважыў, як мы замянiлi тройку паддоследных. Жанчына заняла месца Новы ў iнстытуце, дзiця перададуць Заюсу. Гэты дурань хутка давядзе, што чалавечы дзiцёнак не здольны размаўляць, а значыцца, з'яўляецца звычайнай жывёлiнай. Можа, пасля гэтага мяне перастануць лiчыць небяспечным i пакiнуць у жывых мужчыну, якi замянiў мяне i якi таксама нiколi не загаворыць. Малаверагодна, што малпы западозраць падмену. Арангутаны, як я ўжо казаў, не могуць адрознiць аднаго чалавека ад другога. Заюс будзе трыумфаваць. Карнэлiя, магчыма, чакаюць сякiя-такiя непрыемнасцi, але ўсё хутка забудзецца... Ды што я кажу! Усё ўжо забылася, бо за тыя некалькi месяцаў, што мы ляцiм у космасе, на Сароры прайшлi стагоддзi! Нават мае ўспамiны i тыя сцiраюцца, пакуль шырыцца пропасць прасторы i часу, што аддзяляе нас ад Бетэльгейзе. Спачатку вялiзная зорка стала падобная на мяч, потым на апельсiн i нарэшце ператварылася ў адну з маленькiх зiхоткiх кропак на бясконцым, густа ўсеяным такiмi ж самымi кропкамi небе. Гэтак i з маiмi сарорскiмi згадкамi.

Трэба быць вар'ятам, каб пакутаваць на маiм месцы ад згрызотаў сумлення. Мне ўдалося выратаваць дарагiх мне людзей. Пра што мне шкадаваць? Зiра? Але, Зiра. Толькi пачуццё, якое звязвала нас, не мае нават назвы - нi на Зямлi, нi на якой iншай планеце. Нашае расстанне было непазбежнае. Напэўна, Зiра неўзабаве знайшла спакой, выйшаўшы замуж за Карнэлiя i выхоўваючы дзяцей-шымпанзэ. Прафесар Антэль? Халера з iм, з прафесарам! Я нiчым больш не мог дапамагчы яму, а ён, мусiбыць, здолеў нарэшце знайсцi цiкавае яму вырашэнне праблемы шчасця. Толькi сам я часам уздрыгваю ад думкi пра тое, што, каб не Зiра, я ў ягоных умовах таксама мог бы апусцiцца гэтак жа нiзка.

Стыкоўка спадарожнiка з зоркалётам прайшла выдатна. Манеўруючы спадарожнiкам, я здолеў наблiзiцца паступова да карабля i ўвайсцi ў ангар, пакiнуты адчыненым, каб туды мог вярнуцца наш катэр. Пасля гэтага робаты зачынiлi ангар. Мы апынулiся на борце зоркалёта. А на Сароры нашы сябры аб'явiлi, што спадарожнiк не выйшаў на зададзеную арбiту i яго давялося ўзарваць.

Па нашым лакальным часе мы ляцiм ужо больш як год. Зоркалёт дасягнуў хуткасцi святла - у бясконца малым наблiжэннi, - пераадолеў за некалькi гадзiн фантастычную адлегласць, i цяпер ужо iдзе перыяд тармажэння, якi прадоўжыцца яшчэ год. Я не перастаю любавацца маёй слаўнай сям'ёю.

Нова выдатна пераносiць падарожжа. Яна ўсё больш прыкметна разумнее. Мацярынства ператварыла яе да непазнавальнасцi. Яна з цiхамiрнай усмешкаю гадзiнамi ўзiраецца ў нашага сына, якi выявiў сябе нашмат лепшым за мяне педагогам. Словы, якiя прамаўляе ён, Нова паўтарае амаль без памылак. Са мною яна яшчэ гаварыць не можа, але мы выпрацавалi сiстэму жэстаў, якая дазваляе нам разумець адно аднаго. Мне здаецца, што я ведаў Нову ўсё маё жыццё. Што ж да Сiрыуса, дык гэта жамчужына ўсiх сусветаў. Яму ўжо паўтара гады. Нягледзячы на павышаную сiлу прыцягнення, ён разгульвае па караблi i бясконца лапоча. Мне не церпiцца паказаць яго людзям Зямлi.