Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 93

Пьер Буль

Сёння ўранку я адчуў незвычайнае хваляванне, заўважыўшы, што Сонца стала набываць бачныя абрысы. Цяпер яно падобнае на бiльярдны шар i спакваля жаўцее. Я паказаў яго Сiрыусу i Нове. Тлумачу iм, што гэта - галоўная зорка iх новага свету, i яны мяне разумеюць. Сiрыус ужо гаворыць даволi хутка, i Нова амаль гэтаксама. Яны прыйшлi да гэтага амаль адначасна. О цуд мацярынства, цуд, творцам якога стаў я! У мяне не было магчымасцi абудзiць усiх людзей Сароры ад жывёльнай апатыi, але вопыт з Новаю ўдаўся блiскуча.

Сонца няспынна павялiчваецца. Я ўжо спрабую разгледзець у тэлескоп планеты i даволi лёгка арыентуюся. Вось Юпiтэр, Сатурн, Марс... а вось i Зямля. Зямля!

Слёзы льюцца ў мяне з вачэй. Трэба пажыць столькi i так, як я на планеце малпаў, каб зразумець мае пачуццi... Прайшло ўжо семсот гадоў, як я пакiнуў Зямлю, i я ведаю, што не ўбачу ўжо нi бацькоў, нi сяброў, але як жа хочацца ўбачыць людзей!

Дапаўшы да iлюмiнатараў, мы глядзiм на Зямлю, якая ўсё наблiжаецца i наблiжаецца. Ужо не патрэбен тэлескоп, каб разгледзець мацерыкi. Карабель выходзiць на арбiту.

Цяпер мы круцiмся вакол маёй роднай планеты. Бачу, як праплываюць пад намi Аўстралiя, Амерыка... i, нарэшце, Францыя. Мы абдымаемся са слязьмi радасцi.

Мы ўсаджваемся ў другi катэр, якi быў у нас на борце, i пакiдаем карабель. Усе разлiкi былi зроблены загадзя так, каб мы маглi прызямлiцца на маёй радзiме, спадзяюся, непадалёк ад Парыжа.

Мы ўваходзiм у атмасферу. Уступаюць у дзеянне тармазныя ракеты. Нова з усмешкаю пазiрае на мяне. Яна ўжо даўно ўмее i ўсмiхацца i плакаць. Мой сын з зiхоткiмi ад захаплення вачыма працягвае свае маленькiя ручкi да iлюмiнатара. Пад намi Парыж. Я адразу ж пазнаю яго па Эйфелевай вежы.

Пераходжу на ручное кiраванне, каб прызямлiцца як мага больш дакладна. О цуд тэхнiкi! Праз сем стагоддзяў мне ўдаецца сесцi на аэрадроме Арлi - ён не надта змянiўся, - на самым краi поля, досыць далёка ад будынка аэрапорта. Нас павiнны былi заўважыць, застаецца толькi яшчэ крыху пачакаць.

Ад будынкаў аэрапорта аддзялiлася машына, яна iмчыцца да нас. Я поўнасцю выключаю рухавiкi. Мяне ажно трасе ад нецярпення. Якое ж уражанне зробяць на маiх зямных братоў мае сарорскiя прыгоды! Спачатку, напэўна, яны мне i не павераць. Але ў мяне ёсць доказы - Нова, сын!

Машына вырастае на вачах.

Я, вядома, спадзяваўся на больш урачысты прыём - небагата народу з'явiлася нас сустракаць. У машыне, здаецца, усяго толькi два чалавекi. Ну i дурань жа я: адкуль iм ведаць пра маё вяртанне! Дый аэрадром, напэўна, цяпер другарадны: на полi адзiн самалёт i той стары.

Так, iх двое. Пакуль што я бачу iх дрэнна: ад шкла машыны адсвечвае сонца, i шкло бруднае. Кiроўца i пасажыр - ён у форме, мабыць, афiцэр, бо я разгледзеў блiскучыя нашыўкi.

Машына спыняецца метраў за пяцьдзесят ад нас.