Читать «Планета малпаў (на белорусском языке)» онлайн - страница 90

Пьер Буль

- Карацей кажучы, - падводзiць рысу Карнэлiй, - я вельмi баюся, што праз два тыднi Вялiкi Савет прыме рашэнне знiшчыць вас... або прынамсi выдалiць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што i яе пастараюцца абясшкодзiць, бо яна надта доўга была побач з вамi.

Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую мiсiю - i раптам такое... Умомант я быў скiнуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.

- Карнэлiй правiльна зрабiў, што нiчога ад цябе не ўтоiў, - сказала Зiра, кладучы мне на плячо руку. - Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакiнем цябе. Мы вырашылi ўратаваць вас усiх траiх, i ў гэтым нам дапамогуць некалькi нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.

- Але што я магу зрабiць? Я, чалавек сярод малпаў!

- Трэба ўцякаць. Трэба пакiнуць Сарору, куды б табе лепей было i зусiм не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькi так можна ўратаваць цябе i твайго сына.

Голас у Зiры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такi яна ставiлася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакiнуўшы Сарору, нiколi больш не спаткаюся з Зiраю.

- Але як мне ўцячы з Сароры?

- Зiра мае рацыю, - пачаў адказваць Карнэлiй. - Выйсце ў вас адзiнае уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам i стрымаю слова, нават калi гэта загубiць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калi нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькi вы пакiнеце Сарору... Вы неяк казалi мне, што ваш касмiчны карабель не пашкоджаны i што вы змаглi б вярнуцца на iм назад на Зямлю?

- Але, - адказаў я. - У зоркалёце дастаткова палiва, кiслароду i запасаў ежы i пiтва, каб дабрацца на iм да любой планеты Галактыкi. Але як дабрацца да яго?

- Ён па-ранейшаму круцiцца вакол Сароры. Адзiн з маiх сяброў-астраномаў выявiў яго i вылiчыў яго арбiту. А як да яго дабрацца... Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збiраемся запусцiць штучны спадарожнiк з жывымi iстотамi, натуральна, з людзьмi, на якiх мы хочам вывучыць уплыў некаторых вiдаў выпраменьванняў... Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павiнна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына i дзiця.

Я адразу ж зразумеў план Карнэлiя i ацанiў яго вынаходлiвасць. Але колькi перашкод было яшчэ на нашым шляху!

- Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожнiка, - працягваў Карнэлiй, - мае блiзкiя сябры, i я здолеў пераканаць iх дапамагчы вам. Спадарожнiк будзе запушчаны на арбiту вашага карабля, акрамя таго, iм можна ў пэўнай ступенi кiраваць. Дарослых падвопытных навучылi выконваць прасцейшыя манеўры: у iх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлiвыя за iх... Наш план такi: вы ўтраiх заменiце трох падвопытных. Тут асаблiвых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнiкi, бо забойства агiднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.

I праўда, гэта было верагодна. Для большасцi малпаў чалавек - проста чалавек, i нiчога больш. Яны нават не заўважаюць рознiцы памiж асобнымi iндывiдуумамi.