Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 9

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Кашаль зваліў, ахутаў, Грудзі пачаў сціскаць: "Хутчэй прынясіце путы, Ён не хоча смерць паважаць". Лёд на сценах. Калоціць. Цяжка. І з-за вуснаў ізноў, ізноў, Як віно з заімшэлай пляшкі, Выцякае паволі кроў. Смерць прыйшла і на ложак мосціцца. Гэта лепей... Не можна жыць. Так усё жадана і проста: Падкарыцца, павекі стуліць. Будзе цёпла... Спакой навекі... У грудзях не смыліць агнём... І не будзе гвалту і здзеку, І руін за разбітым шклом. "Горад... горад... родны мой... любы... Па-над вулкамі тлусты чад... Ўсіх знішчаюць... бетонныя кубы - Камісара гестапа загад. Гад адзін, а тысячы гінуць... Ўсе здаровыя - цяжка канаць... Хутка два... ён выйдзе з машыны. Трэба ўстаць, трэба ўстаць. Ёсць загад... Мелі ўсе ахвоту. Ён сябрам заявіў тады: "Права мне надалі сухоты І юнацкія вашы гады". . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Цяжка ўстаць, бы дзіцёнку з калыскі, Трэба думаць, хадзіць, глядзець. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . А над ім, схіліўшыся нізка, Умаўляе пяшчотна смерць: "Што ты трызніш. Лепей памерці І спакойна марыць і спаць. Спаць так добра".  - "А боль у сэрцы? Трэба ўстаць! Трэба ўстаць!.." - "Спі, каханы. Галоўка цяжкая... Сон апошні цябе атуліў..." - "Прэч адсюль...  Не магу...  Не жадаю... Я не ўсё давяршыў". Як на хвалях ложак хістаўся, Заставалася сорак хвілін. Ён паволі, па частках падняўся Бы цяслярскі аршын. І хоць смерць абяцала цішу, Мяккі сон, салодкі дурман - Ён як п'яны з пакоя выйшаў, Намацаўшы ў кішэні наган. Валаклася за ім неадступна, Бо лічыла ганьбою адстаць, Сто разоў на кожнай прыступцы Запрашала легчы й не ўстаць, Але ён, слабы і галодны, Адказаў, сціскаючы рот: "Што мне скажа мой горад родны? Што мне скажа родны народ? Што мне выгляд твой дзікі і грозны? Вось той дом. Я памру ў барацьбе. Ты спачатку мярзотніка возьмеш. Я прымушу цябе. Тормаз рыпнуў... Ідзе па алеі... Адыдзі і не замінай, Адыдзі, адыдзі хутчэе, Стань унь там і маўчы, чакай". Першы стрэл упэўнена гакнуў, Другі трапіў яшчэ камусь: "Атрымай, атрымай, сабака, Хай жыве Беларусь!" Вось штыхоў халодныя джалы, Вось апошні да смерці парог... Смерць зубамі заскрагатала: "Ён памрэ, але ён перамог". Чалавек на нагах хіснуўся, Проста рукі злажыў накрыж, Паглядзеў на яе, усміхнуўся: "Што чакаеш?.. Хадзі ж... Хадзі ж". 

Шыпшына i ружа

З народнага 

Шыпшына і хатняя ружа Калісьці разам жылі І разам кахаліся шчыра На мяккай садовай зямлі. Абняўшыся, на гародзе Стаялі да ранняй зары, І дзеткамі іх лічылі і дуб стары. Так яно ўсё і цягнулася, Добра кветкам было, Пакуль не паслаў за падаткам Кароль гайдукоў на сяло. Карову - за вокны ў хаце, Сто злотых - ад бараны. І нават падружжу нашаму З пагардай сказалі яны: "Пакуль яшчэ маладыя - Давайце кветкі й лісцё, А потым, як дзеці будуць, Дзяцей сваіх аддасцё. Не жыць ім у подлай вёсцы, Не чуць ім мужыцкіх слоў, Расці ім ля гордых палацаў, Уцехаю быць для паноў". Горда ў адказ шыпшына Сваёй скалануў галавой: "Мілей нам родная хата З яе саламянай страхой. За камень гарачы хапайцеся, А не за нашых дзяцей. Як будуць - не дам на знявагу Кату, што мучыць людзей". Цягнуць рукі да ружы - Шыпшына даў аднаму, Ўзяліся яны за шыпшыну, Рукі круцяць яму. Сцябаў гайдукоў у вочы, Па твары бязлітасна біў, Падрапаў гайдуцкія рукі, А ружу сабой затуліў. Пабеглі за дапамогай, Бягуць з рыдлёўкай, з касой, І кажа шапшына горды Дзяўчыне каханай сваёй: - "Бегма, ратуемся, ружа, Каханка, радасць мая". - "Шкада мне матулі-вішні. Бяжы, застануся я". За ім да пушчы гналіся, Гналіся з сабакамі ўслед І толькі ля рэчкі глыбокай Згубілі шыпшынаў след. І нельга з'явіцца з пушчы Да ружы каханай яму, Бо могуць схапіць гайдукі І кінуць навекі ў турму. Так і жыве ён у лесе У шапцы чырвонай як кроў, Кінжаламі і нажамі Узброены да зубоў. Стаіць ён як горды мсцівец, На вёску з узлесся глядзіць. Хай цяжка - затое вольны, А вольнаму добра жыць. А там, каля старай хаты, З сівінкаю на лістах Сумуе хатняя ружа У чыстых росах-слязах.