Читать «Паэзія розных гадоў» онлайн - страница 11
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
Ноч
Ноч ідзе. Блакітная радасць. У траве расчыняецца "сон", Ля агнёў лугавых, за садам Раз ад разу гучыць балабон. Каля вогнішча скачуць коні І ў глыбокіх, як неба, вачах Адбіваецца, бы ў палонні Зачарованы Млечны Шлях. Цёмны стаў адбівае каліны, Ледзь даносіцца песня з сяла, Вечар ласкавы, вечар сіні Адляцеў, каб ноч надышла. Баўтане балабон за гаем І растане зноў ў цішыні. Мякка вечар галіны качае, Ціха... Ціха... Пасні... Пасні...
"Ўстану ранкам насустрач сонцу..."
Ўстану ранкам насустрач сонцу І па цёплай зямлі пабрыду Там, дзе яблыні мараць бясконца У блакітным вясновым саду. Пацягнуся, і сну аковы Ападуць з пасвяжэўшых рук. Моц напоўніць вялыя словы, Сэрца ўзбудзіцца яры стук. І пайду па расістых палетках Так, каб з новым спаткацца днём, І махнатая, алая кветка, Кветка сонца заззяе агнём. Ў новым дні ўсё прыгожым будзе, Ён паўстане над новай зямлёй. Паднімайцеся, добрыя людзі. Крочце к сонцу поруч са мной.
"Восень нясе павуцiнне..."
Восень нясе павуцінне, Дрэвам час запалаць. На ўсіх баравых рабінах Чырвоныя плахты вісяць. Няўтульна на мокрай сялібе І ў позні прысмерку час Вяргіні таўкуцца ў шыбы: "Пусціце, пусціце нас".
Агеньчык
Коні прысталыя ймчацца панура. Лютаўскі холад. Трывога вачэй. Вые і плача апошняя бура Каля занесеных снегам плятней. Шлях мой далёкі, дарога каравая, Ў неба ляціць неспакойны дымок. Недзе далёка мігае ласкава Ў цемру й буран залаты аганёк. Сны табе сняцца зімовыя, раннія, Сніш, што каханы ў акенца стучыць. Любая, любая, вечна каханая, Цёплы агеньчык, іскра ў начы. Ціха ўвайду ад завеі чырвоны, На рукі мякка вазьму яго, Цёплы камяк, разаспаны і сонны, Не абазнаны, што да чаго.
Адносна паходжання дэпламатыi
Правадыр іракезаў на размову аб міры Запрасіў варага, Начную Саву, І цяжкою каменнай люлькаю міру Дагаворнаму боку прабіў галаву.
Адносна паходжання бюракратызму
Пітэкантрап пячору зручную выбраў, Стол знадворку прысунуў да тоўстай сцяны І павесіў таблічку: "Пячорным тыграм Час прыёму тады, як вымруць яны".
Паразумеліся
- Яблыкі! Яблыкі! З садоў каралеўскіх. - - Па чым? - Усяго тры злотых за меру. Такая ж славутасць нашага месца, Як папскі нунцый, як касцёлы і веры. - - Тры злотых? За гэтую поскудзь? Жарты. За гэты кізяк, падабраны ў полі? - - А я вам кажу, што яны таго варты, Як жанчына сумленная! Як пан добры католік! - - Памыліліся, пані, я ў бога не веру. Што мне папа і што мне вера Хрыстова. - - Ну, калі ўжо справа пайшла на адвертасць, Дык і я не цнатліўка, а курва з Гжыбова.