Шлях цячэ між дрэў, пакрытых інеем. Зімні, казачны убор зямлі. Белыя, ружовыя і сінія На ялінах ружы расцвілі. Снег кранае ружы пацалункамі, Снег спадае паміж хвой сівых, Каб укрыць нямоцнымі карункамі На санях вясёлых маладых. Толькі што пад снегавымі хвоямі, Збудаваўшы ў весніцах накат, Хлопцы перастрэлі іх са зброяю. І гарэлкай адкупаўся сват. Князь сваю "галубку" выкраў сілаю І да роднага гнязда нясе, Любую, усхвалявана-мілую, З шэранем у залатой касе. Сонца ў хмарку перад ёй аточыцца, Упадуць дубы сівыя ніц. Гэх, баяры скачуць па абочынах, Раз па раз страляючы з рушніц! Дзікі пошчак аддае дарогаю, Снежай пудрай санны шлях курыць. Што ж чаканнем сумным і трывогаю Песня паязджальная гучыць? "Ехалі мы логам, Ехалі мы логам, Сустрэліся з богам, Сустрэліся з богам. Ехалі мы лесам, Ехалі мы лесам, Стрэліся з Вялесам, Стрэліся з Вялесам. А казаў нам божа: "Ці добра ж вам будзе? Ці добра ж вам будзе?" Будзе добра. Самай поўнай мераю Вам жыццё насыпле у кішэнь Працы, дзетак і дарог нямераных. Весяліцеся ж хоць гэты дзень. Што ж, злятае ліст глыбокай восенню, Каб дарогу даць лістам другім, Заўтра певень збудзіць ноч галошаннем. Паплыве з пячуркі ў неба дым. А пакуль - заві каханку ружаю. Будзе стол і будзе смех людзей. Добра у пакоіку настуджаным, У прытульным пухавым гняздзе! Пралятуць гады над вамі светлыя. Будзьце шчаснымі дзеля таго, Каб сустрэць калісь усмешкай ветлівай Паязджан унука сваяго. Ўспомніць князь тады дарогу вузкую, Шэрань, коней бег і рушнікі, І даткнецца звянуўшымі вуснамі Да каханай, зморшчанай шчакі.
"У сiтнягах над соннай ракою..."
Ў сітнягах над соннай ракою Бугай вадзяны маўчыць. Спяць лілеі пад цёплай вадою, Каб не змерзнуць ўначы. Калі ж выплывуць ранкам на волю І распусцяць пялёсткаў рой, З кветкі вылеціць мушка вясёлая, Што ўсю ноч спала пад вадой. Залатая, як новы чырвонец, З цёмнай бронзаю на нагах, Ўся ў пылку ад лілеі і сонца Паляціць у шчаслівы шлях. Каб з табою мы сталі малятамі І любілі ўначы цяпло, - Мы б лілею абралі хатаю. Вось бы добра было!
Патоп
Старажытны беларускі апокрыф
І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца. Распаўся час. І неба цёмным скруткам Ўзвілося над зямлёй. І лінуў дождж, Як быццам сто гадоў збірала неба Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх, Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын, Ваду пралітых чалавечых слёз, Слёз горкіх маці, светлых слёз дзіцячых, Крывавых слёз рабоў і брудных панскіх слёз... О плачце, плачце, узрыдайце, людзі, Не спамышляйце на сваё бяссмерце: Апошні жывяцё вы ў свеце час! І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень Трубілі сурмы праз смугу туманаў, І здраднікі хаваліся ў каўчэгах, Якія заліваў сіберны дождж. Вада пакрыла роўныя мясціны І коміны халуп і ўсе палацы. Раўлі шалёныя сівыя хвалі, Раздзёршы ветразі тугія ў лоск. І людзі ўгору узнімалі рукі Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях, Ганімыя вятрамі і агнём. Краіна гінула. Як гул ад хваль Роў дзікі голас над вадой пустою: "Апошнія пачуйце словы, людзі, Пакуль вам вушы не залье вадою. Я знішчу свет, я знішчу чалавека. Апрыкрылі і добрыя, бо хочуць Дабрэйшымі зрабіцца за мяне. Ім не спяваць сваіх найлепшых спеваў, Бо я зжару ўсю земляную твар. Маўчы! Ты захлынешся, чалавек!!!" Адверзліся на чорным небе хлябі. Два месяцы лілі дажджы з нябёсаў, Вада глытала горы, і на іх Жывымі гронамі віселі людзі І часам адрываліся ў ваду. Мядзведзь стаяў з слабым аленем поруч, Змяя паўзла вышэй ад рудых хваль. Адзін таўстун штурхаў у вір другога, На плечы сыну лез шалёна скнара, Трымаючы ў руках кашэль з грашыма, І біў нагамі па руках сыноўіх, Якія ўсё жадалі ратавацца, Схапіць таго, хто некалі стварыў (Што ж, і змяя паруецца вясною). Танулі тыя, што на спінах люда Рукамі простых горда узнясліся, Зракліся маці, зводнямі жылі, Лягчалі думку за адзін дынарый, За жыватом не бачылі каленяў. Цары, уладары і каралі, Што так крычалі пра краіны гонар, Што здольныя былі душыць суседа, Забараняць яму жыццё і песню Для гонару "народа-ўладара", Цяпер бы гэты гонар аддалі За мейсца для сваёй стапы адзінай І ў зад бы гандляра пацалавалі За літасць гэткую. Дзяржаўны муж, Што да сябе прыкуў калісьці брата І ўсё казаў: "Мой брат - мой раб" - той зараз (Як і заўсёды ў грозныя часы, Часы вайны, навалы ці патопу), Ланцуг адсек і наглядаў, як брат Пускае бурбалкі ў вадзе глыбокай. І ўсе кусаліся, штурхалі, лезлі, Хапалі за раскошныя хітоны, І падалі ў ваду, ў ваду, ў ваду І не маглі ўцячы. Пахмурны дзень Нарэшце завязаўся над вадою. Вакол вада - ні вострава, ні дрэва, - Ўсё жудасная гладзь і далячынь. На пятачку апошнім цвёрдай сушы Суровы чалавек з дзіцячым тварам, З рукамі грубымі, ўзняў галаву І стомлена сказаў: "Дзень добры, сонца". Фантанчыкамі плёскала вада Спачатку каля ног, пасля ў калені... І чалавек падняў на рукі нешта, - Апошняе святое, - цела любай, Пацалаваўшы непрытомны твар. Над галавою ўзнёс. Вышэй! Вышэй! (А хвалі подла стукаюць у грудзі.) "Каханая! Аддам жыццё за крылы, Якія б узняслі цябе наверх". Халодны, стрыманы адбітак сонца Упаў на грудзі, любы твар і лона. А ён стаіць. Не здрыгануцца рукі, Узняўшы ў неба дарагі цяжар. Ён з радасцю трымаў бы зараз многіх, Братоў, і маці, і такіх, як ён, Прыгнечаных работай і вясёлых. Але няхай хаця яна: "Пяшчотка! Жыві, жыві, жыві пакуль магчыма, Падыхай трошкі, пакуль я не знікну, Пакуль жыве апошні чалавек. Што вы мне зробіце сваім патопам? Узяць каханую? Яна са мною. Узяць Радзіму? Не, яна жыве Пакуль жыве апошні сын Радзімы. Узяць жыццё? Як бог я бессмяротны, Я сонца над вадою уздымаю, І мной жыве і будзе жыць зямля. О як пацалаваць каханай вусны, Калі мае знікаюць пад вадой!" . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .Стары апокрыф. Гэта толькі казка. І ўсё-такі я выракуся тых, Што плакалі ў каўчэгах. Я з табою, Слабы, бездапаможны, як дзіцёнак, Магутны, як ніхто на белым свеце, Любімы мой, прыгожы звер двухногі, Мой чалавек.