Читать «Пасмяротная гісторыя аднага цецерука» онлайн - страница 8
Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч
— Добрая ў цябе жонка, — сказаў Калібераў, — сапраўдны друг-паплечнік. Не тое што мая… Хадора.
— Жонка-карова, — кінуў раптам Войтаў. — Танюткая калісь была, а зараз што твой мех з гарбузамі. Раскапусціцца каля трумо і сядзіць. Ну вось, у мяне ж чудовая мова, а дачку вучыць чорт ведае чаму: мова гладкая, ані каструбацінкі, сумная, кастрыраваная.
— Не ведае, што мова ёсць зброя ў жыццёвай барацьбе, — падтакнуў Іван, — а, між іншым, каб не веданне намі мовы, той, што ад бацькоў, ні шыша мы з табою не вартыя былі б. Бо, шчыра кажучы, не такія ўжо мы з табою Арыстоцелі, каб у кандыдатах хадзіць.
— Але ўсё ж лепшыя за многіх іншых, — з грымаскай сказаў Павел.
— Гэта таму, што ў нас корань здаровы, мужыцкі, — падняў Іван тоўсты палец.
— А ці не час нам гэты корань падкарміць? — спытаў Войтаў, пераводзячы на другое размову, якая пачала ставаць непрыемнай.
— Н-да, час адміральскі, — сказаў Калібераў і, узяўшы пад локцік сябра, прыўзняў яго і працытаваў: — I сталі мір і згода, і дружна, рука да рукі, яны патэпалі ў бліжэйшую карчму.
"Бліжэйшая карчма" была ў суседнім вагоне. Кілімавай дарожкай сябры перайшлі ў вагон-рэстаран і занялі ў ім кутні столік. Іван адразу спаймаў за локцік бялявенькую круцёлку ў гафрыраваным вяночку. Твар ягоны зрабіўся салодкім, усмешачка села ў кутках рота.
— У-у, прыгажуня наша. Як велікодная курачка… нават галоўка гафрыраваная. Нагадуй ты нас, ясачка мая, іначай два прыгожых і халодных трупы будуць на вашым сумленні.
"Бач, стараецца, — падумаў Войтаў і ўсміхнуўся, — пабачылі б цябе студэнты, мышынага жарэбчыка".
Круцёлка прыемна ўсміхнулася, перавяла позірк з саладжавага прасцяка на другога, што глядзеў на яе паўзверх кветак халоднымі, з усмешачкай, прыгожымі вачыма, падумала: "Свае хлопцы" і борздзенька змяніла ім трошкі памяты абрус на свежы, узяла з гнёздаў бутэлькі з півам і вадою і замяніла іх свежымі:
— Яны тут нагрэліся на сонцы, дык я вам халодненькіх, з леднічка. Ну, што будзем естанькі, хлопчыкі?
Іван скроб пальцам шчаку, чытаючы меню. Потым звярнуўся да Войтава:
— Як ты наконт усерасійскага праствейну, каток? Не хочаш? Каньяк? А не памятаеш, як мы з табою цукарную самагоначку глушылі? "Бутэльку каньяка — тры бурака".
— Ды пакінь ты, — незадаволена сказаў Павел.
— Ну-ну, не буду. Дык вось: для мяне трыста грамаў гарэлачкі… Ведаю, ясачка, што не паложана, але па Канстытуцыі законы мяняе народ. А хто такі народ? Гэта ён, я, вы, мядуначка мая. Таму тры чаркі… Не п'яцё на рабоце? Ай-я-яй, якое падзенне маральнасці. Не смейцеся, ясачка, о мой бружмель і гіяцынт. Вас просіць аб гэтым Іван Калібераў, чалавек з расчараваным сэрцам, якое ведала лепшыя дні… Дык вось: гэтаму Апалону трыста грамаў каньячку… Ну, яшчэ бутэлечку мінеральнай і тры — двайнога залатога. Няма? Тады "Сенатар".
— Хлопчыкі, — запратэставала афіцыянтка, — гэта ж сапраўдны "портэр", васемнаццаць градусаў. Ці не зашмат будзе?
— Хто вам сказаў, о дзіця фіёрдаў, што для такога чэрава зашмат дзве вартых жалю бутэлькі. Ды мы і сядзець будзем добра… пад багаты закусон. Мы не пустэльнікі, акрыдамі закусваць не збіраемся.