Читать «Нямоглы бацька» онлайн - страница 4

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

І ўстала над гэтай бясслаўнай магілай вясёлка.

Засыпалі багатае збожжа ў сусекі і ямы. Велікана пазбавіліся. З суседзямі мір. Дык не, зноў муціць, падбухторвае людзей Гнат. Злуецца на іх і на ўвесь свет. І вось аднаго рання падступілі ўсе з доўбнямі ды з камянямі да парога Пятровай хаты.

— Не сваім гэта ён розумам, — насаджваецца Гнат, — гэта ён у Чорнай Сілы розум пазычыў.

— Праўда, — сказаў Максім. — Ты просты розумам. Як мы.

— Так, не сваім, — адказаў Пятро. — Бацькавым.

— Дык ты ж яго ў пушчу звёз?

— А ноччу назад прывёз.

— Не верце, — раве Гнат. — Конь і калёсы ў двары былі.

— А я на спіне. Як ён мяне малога.

— Глядзеў я, — залямантаваў Гнат, — косці ў будане.

— Аленевыя косці.

Пайшоў Пятро ў хату і вывеў адтуль бацьку:

— Жылі сілай, а розум забівалі. Жылі сённяшняй карысцю. Знішчалі "ўчора" і таму не мелі права на "заўтра".

— Гнаць іх у лес! — гарлае Гнат. — Закон пераступілі! Што ён такое дзецям сказаў, што дрэва з Веліканам ляснулася?!

— Забыў ты, — сказаў бацька, — што "сіроцкія слёзы дарма не мінаюць, пападуць на белы камень — камень прабіваюць".

Кінуў Гнат камень у Пятра — дзверы ў трэскі разнёс.

— Вось што, — сказаў тады Максім, — правільна ён зрабіў, пераступіўшы такі закон. Болей таго не будзе. Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую. Насіце на руках бацькоў… Кланяйцеся гэтым двум да долу, людзі!

І тыя пакланіліся.

— Ну а ты? — спытаў у Гната Максім.

— А я пры сваім, — сказаў той. — Я свайго, як час прыйдзе, завязу-такі ў пушчу.

— А мы не дамо, — сказаў Максім. — Наш ён цяпер, а не твой. А калі ўжо гнаць кагосьці ў пушчу, дык гэта цябе. Ідзі, вый там на ветах, воўк.

І тут натоўп зароў. Уся ярасць на Закон, увесь адчай і ўся палёгка вылілася ў рыку.

— Хай ідзе!

Той пачаў аддаляцца. Тады Максім спытаў у бацькі:

— Дык няўжо толькі слёзы бязбацькавічаў дрэва сушылі?

— Ну, не толькі, — усміхнуўся той, — і яшчэ нешта.

— А што ж тады?

— А гэтага ні я, ні дзеці вам пакуль не скажам, — адказаў Пятро. — На той выпадак, калі з'явіцца сярод вас хаця адзін на дзесяць тысяч такі вось Гнат. І вось калі пачне ён бацьку крыўдзіць, а тут наступіць яму на хрыбет бязлітасны Велікан — вось тады толькі хай бацька адплоціць яму дабрынёю за зло. Добрай мудрасцю за злосную дурасць. А мы пакуль памаўчым.

І людзі зарагаталі. А Гнат аддаляўся ў пушчу, як камяк былой нянавісці.

І так памёр Закон стары.

І так стаў новы Закон.