Читать «Нямоглы бацька» онлайн - страница 2

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Дык назад жа прывязу.

Едуць вёскаю ў лес. Рэдкія сустрэчныя вочы хаваюць. А некаторыя і падбадзёрваюць старога:

— Нічога, хутка і мы за табою.

І толькі Гнат ля весніц на ўвесь свет гарладзёрыць:

— Правільна, Пятро! Няма чаго ў рот валачы, калі барану валачыць не можаш.

Пятро праехаў моўчкі.

Прыняў іх разам з калёсамі мокры і чорны лістападаўскі лес. Часцей і часцей пачалі трапляцца між дрэў аленевыя, а можа і чалавечыя косці.

Прыехалі. Зрабіў Пятро з яловага лапніку будан, паклаў у салому торбу. Нацягаў сушняку, насек яго дробна. Развёў цяпельца. Дастаў з торбы хлеб, сала, біклажку з віном.

— Гэта нашто? — спытаў бацька. — Бяры ўсё. І салому бяры.

— Татка, — глуха сказаў Пятро, — няўжо ты думаеш, што я цябе тут пакіну?

— І пакінеш. Бо закон. Заб'юць цябе, — сказаў бацька.

— Не бойся за мяне, — адказаў Пятро і паехаў. Заміргаў у гушчары за спіною агеньчык. Знік.

Ноч у лесе, сутонне ў вёсцы. Гнат ля хаты зіркае на воз.

— Салому ўсё ж пакінуў?

— А што? Чысцей будзе!

Усю ноч праварочаўся ў хаце Пятро. А наступнай ноччу, пакінуўшы ў стайні каня, пайшоў крадком у пушчу. Доўга блукаў. Няма агню і няма. Усё, значыцца, ясна. Замарыў бацька агонь, каб лішне не мардавацца. Не паверыў. Дый праўда, не было такога яшчэ на свеце.

…Аж раптам… "Ёсць ён! Ёсць агонь! Ёсць!"

Бяжыць ён на агонь. Галіны яму вочы высцёбваюць. А агонь зусім згасае. І нібы згасае ля яго скручаная постаць.

— Татка! Татка! — крычыць ён і спяшаецца. То бацьку абдымае, то косці аленевыя збірае і кідае ў будан. Памерці захацеў. Не паверыў.

Ускінуў бацьку — лёгкага — на гершкі і нясе. А агонь за імі згасае-згасае. Згас. І чуе Пятро — мокрая ў яго патыліца.

— Ты што, плачаш?

— Плачу. За цябе. Цяпер можна расказваць. Ведаеш, чаму такіх дужа старых на вёсцы адзін я?

— Ведаю. Бітва была дзесяць гадоў назад.

— Так. Напалі. І мы ўсе, хто на парозе, — перад дарогаю ў лес — вырашылі патаемна: лепей ужо там легчы, чым ад сваіх… Усе палеглі, адзін я застаўся.

Прынёс Пятро бацьку ў хату, адгарадзіў частку каморы і зрабіў там пралазы на гару ды ў падпамосце. Адтуль — на панадворак. І там бацька стаў жыць. Глухой ноччу — у хаце, удзень — у падпамосці і на гары. А ноччу цёмнай і па двары патупае. Як ваўкі жылі, ад усіх хаваючыся. Але жылі.

У той год пала на людзей нібыта нейкая кара. Ураджай быў — на каціную долю, ледзь зіму перажыць.

"Нічога, — думалі людзі, — неяк дажывём да шчаўя. Адсеяцца — ёсць жыта ў ссыпных ямах. А там яно, можа, і ўрадзіць".

Аж не. Напалі якраз перад вясной суседзі (у іх яшчэ горш было), пачалі людзі з імі біцца. Гарэлі свірны, усё насенне ў ямах папяклося — ні гаспадарам, ні суседзям, якіх адбілі. Людзі спачатку раўлі пад супольным дубам, а пасля і рукі апусцілі: жывымі ў зямлю трэба класціся.

Прыйшоў Пятро дахаты дый кажа бацьку: так вось і так, усе паміраць будзем.

— Кара. Закон пераступіў, — кажа бацька. — Не шкадуеш?

— Не. Зіму разам. І цяпер — усе разам. Такі Закон — мой.

— Нашто ўсе разам? Хадзі, нешта скажу.

…І вось з'явіўся Пятро зноў пад дуб, дзе прыбітая маўчала ўся грамада.