Читать «Нямоглы бацька» онлайн - страница 3

Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

— Усё, — толькі й сказаў сусед Максім, — цяпер дзяцей заб'ю, а пасля і сам. Ані зерня пасеяць… Ну, Пятро?

— Не трэба забіваць, — голасна сказаў Пятро. — Здыміце салому са стрэх. Ад застрэхі-капяжа і да сярэдзіны пакрыцця.

— І што? — скрывіўся Гнат.

— Абмалаціце. І падмяціце дошкі, што знізу падстрэшка.

І праўда, крылі ж страху, беручы неабмалочаныя снапы. Кінуліся людзі на стрэхі. Абмалацілі салому. Змялі разам з пылам зярняткі (столькі іх нападала на падстэшкавыя дошкі). Набралі насення, каб хоць сяк-так засеяць ніўкі.

— І падзяліцеся сакрэтам з суседзямі, — сказаў Пятро.

— Чаго-о? — узвіўся Гнат. — Ды мы іх…

— Падзяліцеся. Іначай кепска будзе.

На радасцях падзяліліся. І — нібы ад палёгкі, нібы ад падзякі — жыта ва ўсіх пайшло густое, кашлатае, як мядзведзь.

— Чаму не да канца стрэхі загадаў агаліць? — спытаў Максім.

— А вось каб вымерзлі ўсходы — тады б аж да казлоў усе кроквы і латы агалілі, але знайшлі б што другі раз у зямлю кінуць.

— Вой, не на дабро такі розум, — сказаў Гнат. — Быці бядзе.

І як накаркаў. Пачало ўжо красаваць, пачало весяліцца жыта, калі аднойчы з'явілася над гаем вялікая галава. Ішоў Велікан. Не з добрых волатаў, а з тых, што народу ў шкоду. Нагой ступіць — вада ў след набягае і робіцца стаў.

— Жыта якое! — загрымеў, як сто перуноў. — Тут і пасялюся.

Наламаў бярвенняў, зрабіў на самай гіганцкай асіне падмосце, а на падмосці з валуноў пабудаваў сабе замак.

— Тут буду сядзець. Збожжа збераце — з'ем. З-пад казлоў збераце, засеяце — і тое з'ем. А пасля вас саміх з'ем.

Паспрабавалі стрэлы ў яго кідаць — не далятаюць стрэлы да замка. Велікан стральцоў злавіў і з'еў, каб астатнім непавадна было. Смяротна затужылі людзі. Прыйшоў Пятро ў хату.

— Усё, татка. Цяпер прападаць будзем.

— Не шкадуеш?

— І ў соты раз я такі б Закон пераступіў. Цяпер — разам.

— Нашто? — спытаў нямоглы бацька. — Хадзі сюды…

І зноў сказаў Пятро людзям, што сабраліся пад супольным дубам:

— Нічога мы з ім, Веліканам, не зробім сілаю.

— А нашто сілаю? — высунуўся Гнат. — Я яму падарункі нашу. Хвалю.

— Ён цябе пазней за ўсіх з'есць… Не, людзі, не хваліць яго трэба, а сабраць дзяцей, асабліва сірот тых, з'едзеных, і хай кожны дзень пад тую асіну яны ходзяць ды плачуць, ды моляць.

— А што з таго? — здзекліва спытаў Гнат.

— Нічога. Толькі сіроцкая сляза мацнейшая за ўсё. А вам, дзеці, я нешта шапну на вуха, хадзіце сюды.

Тыя слухалі без слёз. Бераглі іх для дрэва і замка на ім.

Што раніца, то глухла наваколле ад плачу дзяцей пад волатам асінай. Ляжаць ніцма адзін да аднаго, плачуць, моляць Велікана. А той толькі з неахайнай барады чырвоныя дзёсны ды белыя зубы паказвае. Так ідуць хвіліны, дні, тыдні. Скора жніво.

— Ну і выплакаў нешта? — спытаў Гнат у Пятра.

А Велікан рагоча на дрэве, як жарабец, і не бачыць, што пад падмосцем зжоўкла лістота.

Гнат зноў баламуціць. І людзі ўжо з рукамі да Пятра падступіліся. А той стаіць спакойна і паверх галоў глядзіць на дрэва:

— А вы цярпенне майце.

…І вось падступіла ўначы дзікая хмара, пачалі з яе лупіць бліскавіцы, заварочаўся дзікай каменнай крушняй пярун, наляцеў ураган. Хр-аснула, ляснула аб зямлю ў хмарах смярдзючай парахні дрэва, з ракатаннем і грукатам пасыпаліся з яго каменныя брылы, пахавалі пад сабой Велікана.