Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 82

Алесь Бадак

— Гэй, куды ж вы?! — рагатала старая.— А як жа варажба? Вы што, перадумалі?

— Ты бачыў, хто ў нас кідаўся? — спытала мамачка Тарэза ў Капітона.

— Ды яны, здаецца, самі паляцелі,— разгублена адказаў той, прыспешваючы хаду.

— Ну і вядзьмарка! — прашыпела мамачка Тарэза.— Каб за ёй самой усё жыццё талеркі ды патэльні лёталі!

Раздзел дзесяты

НОВЫЯ КЛОПАТЫ

— Яна спускаецца па лесвіцы,— ціха сказаў Сенбернар Ваўкалаку, асцярожна высоўваючы з-за дзвярэй пысу.

Ваўкалак нервова хадзіў па сваей спальні, і ў яго вачах былі неспакой і насцярога.

— Яна прайшла міма кухні і накіравалася ў пярэдні пакой,— праз некалькі імгненняў паведаміў Сенбернар, стоячы каля лесвіцы.

Ваўкалак уткнуўся галавой у дзверы і нервова зашкроб па іх кіпцюрамі.

— Яна разглядае на сцяне карціну. Яна азіраецца па баках... Яна...

Сенбернар спалохана змоўк.

— Ну?! — глуха зароў Ваўкалак.— Што яна робіць?

— Яна адчыніла дзверы... і выйшла з дому,— разгублена прамовіў Сенбернар.— Спыніць яе?

— Не трэба,— пасля хвіліннай паўзы змрочна адказаў Ваўкалак.— Хай...

У голасе яго чуліся боль і безнадзейнасць.

Луіза выйшла на ганак і азірнулася навокал. Да гэтага часу і дом, і сад яна бачыла толькі ў цемры, і тады яны здаваліся ёй змрочнымі і таемнымі. Цяпер усё ззяла ў сонечных промнях, ласкава спявалі птушкі, ціха шумелі дрэвы.

Дзяўчынка крыху пастаяла на ганку, а пасля няўпэўнена ступіла на сцяжынку, якая вяла ў сад. Вакол расло шмат дрэў: яблыні, грушы, вішні, слівы. Паміж дрэвамі былі раскіданы клумбы, але, Бог мой, на іх было сумна пазіраць. Усе яны зараслі пустазеллем ледзьве не ў чалавечы рост, праз якое адно зрэдку праглядвалі кветкі.

Затое якія гэта былі кветкі! Каля іх немагчыма было прайсці абыякава, яны маглі сагрэць і расчуліць самае халоднае сэрца.

— Які жах! — усклікнула Луіза. Яна вельмі любіла кветкі.— Бедненькія мае! Як вы пакутуеце тут! Вам трэба хутчэй дапамагчы!

I дзяўчынка кінулася ў дом.

— Што здарылася? — спалохана спытаў Сенбернар, на якога ледзь не наскочыла з парога Луіза.

— Там... гінуць...— цяжка дыхаючы, пачала тлумачыць дзяўчынка.

— Гінуць? — усклікнуў Сенбернар.— Хто гіне? Дзе гіне? Чаму гіне?

— Там гінуць кветкі! — нарэшце вымавіла Луіза.— На клумбах.

— Кветкі? — з палёгкай уздыхнуў Сенбернар.— На клумбах? Фу ты, а я ўжо спалохаўся, што на нас хто-небудзь напаў.

Ён пакруціў галавой і, ціха насвістваючы сабе пад нос матыў нейкай песенькі, накіраваўся ў суседні пакой. Яму насустрач тут жа выскачыў Даберман і незадаволена буркнуў:

— Не свішчы! Колькі разоў я цябе прасіў?! Мяне гэта раздражняе!

Сенбернар нічога не адказаў і знік за дзвярыма.

— Хіба вам зусім не шкада кветак? — разгублена спытала Луіза.

— Чаму не шкада? — спакойна адказаў Даберман, які, стоячы за дзвярыма, чуў размову дзяўчынкі і Сенбернара.— Вядома, шкада.