Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 80

Алесь Бадак

— Добрай раніцы! — сказала Луіза, выбіраючы позіркам месца, куды б ёй сесці.

Яна ўбачыла папугая, які наразае хлеб, з усмешкай кіўнула яму галавой, і паўтарыла:

— Добрай раніцы!

Сенбернар нахіліўся да самага вуха Ваўкалака і прашаптаў:

— Скажы ёй "добрай раніцы"!

Ваўкалак у нерашучасці пачаў круціцца ў крэсле, быццам сеў на нешта гарачае.

— Ну, давай жа, хутчэй! — падганяў яго Сенбернар.— А пасля скажы: "Як табе спалася, дзяўчынка?"

— Як вам спалася? — раптам спытала Луіза і абвяла ўсіх вясёлым позіркам.

Ваўкалак, які ўжо сабраўся з духам і раскрыў рот, каб задаць ёй тое ж самае пытанне, ад нечаканасці аж здрыгануўся і закашляўся.

— Вы не прастудзіліся часам? — спагадліва спытала Луіза.

— Так... хоць не... хоць... добрай раніцы... як табе спалася, дзяўчынка? — як заведзены, замармытаў Ваўкалак.

— О, мне сніўся цудоўны сон,— летуценна прамовіла Луіза.— Быццам прыгожая фея, уся ў белым і зіхоткім адзенні, паслала мяне ў далёкую краіну, каб я расчаравала там аднаго юнага каралевіча, якога злая Вядзьмарка ператварыла ў мядзведзя.

Пачуўшы гэта, Папугай Лоры ўпусціў нож, а Сіямская Кошка ледзьве не звалілася з услончыка, пры гэтым чарпак з гарохавым супам пацэліў міма талеркі. Даберман раптам закашляўся, а Сенбернар падскочыў, быццам яго выцяла токам. Ваўкалак вырачыў вочы і разявіў рот. "Ура!" — зразумеўшы словы дзяўчынкі па-свойму, запляскала ў ладкі Маленькае Сіямскае Кацяня, пасля чаго ўсе ўтаропіліся ў Луізу.

Луіза стаяла з заплюшчанымі вачыма, быццам у гэтае імгненне зноў апынулася недзе там, у сваім начным сне. Нарэшце яна расплюшчыла вочы, уздыхнула і сказала:

— Шкада, што гэта быў усяго толькі сон. Я так люблю розныя прыгоды.

— Толькі сон? — расчаравана перапытаў Сенбернар.

— Толькі сон? — як рэха, паўтарыў Даберман.

— Значыць, табе гэта ўсё прыснілася,— ціха прамовіла Маленькае Сіямскае Кацяня,— і ты не зможаш...

— Хопіць! — раптам крыкнуў Ваўкалак і з усяе моцы стукнуў кулаком па стале.— Больш ні слова! Есці! Я хачу есці!

Раздзел дзевяты

НЯЎДАЛЫ ВІЗІТ

— Яна знікла! Яна збегла ад нас! — мамачка Тарэза нервова хадзіла з кутка ў куток.— Я ўчора паўдня прасядзела каля яе дома, але там так ніхто і не з'явіўся!

Можа, вы яе чым пакрыўдзілі ці напалохалі? — нясмела сказаў Капітон — бацька Фокі.

Сам Фока сядзеў на канапе і, пакручваючы пальцам у носе, глядзеў па телевізары мультфільм.

Мамачка Тарэза бліснула на мужа злымі вачыма, і гнеў, які доўга блукаў па закутках яе душы, нарэшце вырваўся на волю.

— А ты, стары пень, што ты зрабіў для шчасця свайго адзінага сына?!

— А што я...— прамармытаў Капітон.

— А тое,— не дала яму дагаварыць мамачка Тарэза.— Ты ўжо даўно павінен быў абабегчы ўвесь горад, знайсці і прывесці сюды гэтую дзяўчынку.

— Але яшчэ ўчора ты казала, што яна сама прымчыцца сюды, як міленькая, насустрач свайму шчасцю,— паціснуў плячыма Капітон.

— Казала! I прымчалася б! Каб... каб... Каб не засаромелася. Фокачка!

— Ну? — нехаця адазваўся Фока.

— Я ведаю, што нам трэба зараз зрабіць.

— Ну?

— Збірайся, мы ідзём да Варажбіткі. Яна, пэўна, ведае, дзе цяпер знаходзіцца твая нявеста.