Читать «Незвычайнае падарожжа ў краіну ведзьмаў» онлайн - страница 64

Алесь Бадак

— Ну, што, аддаеш мне свой скарб, які табе дарма дастаўся?

— Аддаю,— адказаў Гай.

Зірнула Вядзьмарка на аднаго з ваўкалакаў, ён тут жа перакуліўся цераз галаву і абярнуўся ў чалавека.

— Дык што, аддаеш мне свой скарб, які табе дарма дастаўся? — зноў спытала Вядзьмарка ў Гая.

— Аддаю.

Другі ваўкалак абярнуўся ў чалавека. I так па чарзе, аж пакуль не застаўся ваўкалакам адзін Гай.

— Апошні раз пытаюся,— сказала Вядзьмарка,— аддаеш мне свой скарб, які табе дарма дастаўся?

— Аддаю.

Але не паспеў Гай вымавіць гэтае слова, як нехта з гасцей крыкнуў:

— Лаві яе, Вядзьмарку, хапай яе!

I ўсе, як згаварыўшыся, кінуліся на жанчыну. Аднак не паспелі яны зрабіць і па некалькі крокаў — а той ужо быццам і не было тут ніколі. Госці, як зачараваныя, спыніліся на месцы, не верачы сваім вачам.

— Кар-р, кар-р! — парушыў цішыню голас вароны, якая невядома ад куль узялася на агароджы.

— Гэта яна, Вядзьмарка! — раптам закрычаў нехта з гасцей.— Запусціце чым-небудзь у яе!

У варону паляцела некалькі камянёў.

— Міма! — расчаравана закрычаў той жа голас.

У мітусні ніхто не звярнуў увагі на Гая, які наводдаль ад усіх стаяў на каленях і ў адчаі біўся галавой аб зямлю. На яго целе і на твары ўсё яшчэ заставалася густая воўчая поўсць.

— Дзе яна?! Дзе варона?! — азіраліся па баках госці.

У гэты час Вядзьмарка нахілілася над Гаем і ціха сказала:

— Падмануў ты мяне, але сабе на бяду. Да таго часу насіць табе на сабе воўчую поўсць, пакуль не з'явіцца тут дзяўчына і не скажа табе чароўныя словы. А не скажа — што ж, так і памрэш ваўкалакам. А каб ведаў ты, колькі табе жыць засталося, знойдзеш дома на стале люстэрка. Зірнеш у яго і ўсё зразумееш.

Жанчына выпрасталася і крыкнула гасцям:

— А вы ўсе да таго часу будзеце верна служыць яму! — і страшна зарагатала.

— Вунь яна! Лаві яе! — закрычалі госці.

— Словы, якія чароўныя словы трэба сказаць? — енчыў Гай, але Вядзьмарка ўжо не чула яго.

Раздзел другі

ЛУІЗА, ГАРДЗЕЙ I ДЗЯДУЛЯ АФРЫКАН

На ўскраіне вялікага горада, у тым яго раёне, дзе амаль не было шматпавярховых дамоў, на вуліцы Сонечнай стаяў домік, ] які знешне нічым не вылучаўся сярод іншых. Жыла ў ім дзяўчына па імені Луіза. Жыла не адна, а са сваім старэйшым братам Гардзеем. Гэта быў высокі хударлявы юнак, крыху няўважлівы, але вельмі добры. Ён насіў акуляры, хоць збоку гэта здавалася зусім лішнім, паколькі яны ніколі не трымаліся на тым месцы, дзе павінны трымацца, а ўвесь час з'язджалі ўніз.

Гардзей быў інжынерам і працаваў на аўтамабільным заводзе. А ў вольны ад асноўнай працы час станавіўся самым сапраўдным вучоным. Хаця сам юнак не любіў гэтае слова — "вучоны". Ён называў сябе вынаходнікам, і гэта было вельмі падобна да праўды, паколькі ў яго доме нешта ўвесь час грукацела, сігналіла, пакоі былі завалены вельмі патрэбным хламоццем, а сам Гардзей вечна хадзіў з перапэцканымі рукамі і тварам.

Зразумела, што самым вялікім яго захапленнем былі аўтамабілі. Але якія! На "форды", "мерседэсы" і "БМВ" Гардзей не мог глядзець без смеху. Сам жа ён марыў стварыць аўтамабіль, якім, па-першае, можна было б кіраваць з дапамогай камп'ютэра, а па-другое, каб ён працаваў не на бензіне, а на чыстай вадзе. I калі першага разумнаму і вынаходліваму Гардзею амаль удалося дасягнуць, то другое пакуль ніяк не атрымлівалася.