Читать «Населены востраў» онлайн - страница 14

Аркадзій Натанавіч Стругацкі

— Па-мойму, гэта схема Сьвету, — няўпэўнена сказаў Зэф.

— Гм... — адгукнуўся пан ротмістр.

— Ну вядома! Вось у цэнтры ў яго Сусьветнае Сьвятло, гэта вось — Сьвет... А тут мы, на яго думку, знаходзімся.

— Але чаму ўсё плоска? — недаверліва спытаў пан ротмістр.

Зэф паціснуў плячыма.

— Магчыма, дзіцячае ўспрыманьне... інфантылізм... Вось, глядзіце! Гэта ён паказвае, як сюды трапіў.

— Так, магчыма... Я чуў пра такое вар’яцтва...

У Гая, нарэшце, атрымалася праціснуцца паміж гладкім цьвёрдым плячом затрыманага і калючымі рудымі зарасьнікамі Зэфа. Малюнак, які ён убачыў, падаўся яму сьмешным. Так дзеткі-першакласьнікі малююць Сьвет: пасярэдзіне маленькі гурток, які азначае Сусьветнае Сьвятло, вакол яго — вялікая акружнасьць, якая пазначае Сфэру Сьвету, а на акружнасьці — тоўстая кропка, да якой толькі дамаляваць ручкі-ножкі, і атрымаецца «гэта — Сьвет, а гэта — я ». Нават Сфэру Сьвету няшчасны псых ня здолеў адлюстраваць правільнай акружнасьцю, атрымаўся ў яго нейкі авал. Ну ясна — ненармальны... І яшчэ намаляваў пункцірам лінію, якая вядзе з-пад зямлі да кропкі: вось-маўляў, як я сюды трапіў.

Між тым затрыманы ўзяў другі блянк і хутка накрэсьліў дзьве маленькія Сфэры Сьвету ў процілеглых кутах, злучыў іх пункцірнай лініяй і яшчэ дамаляваў нейкія закавыкі. Зэф безнадзейна сьвіснуў і сказаў пану ротмістру: «Дазвольце ісьці?». Аднак пан ротмістр не адпусьціў яго.

— Э-э... Зэф, — сказаў ён. — памятаецца, вы многа працавалі ў галіне... э... — Ён пастукаў сябе сагнутым пальцам па цеменi.

— Так, — пасьля паўзы, адказаў Зэф.

Пан ротмістр прайшоўся па канцылярыі.

— Не маглі б вы... э-э... як бы гэта сказаць... сфармуляваць сваё меркаваньне з нагоды дадзенага суб’екта? Прафэсійна, калі так можна мовіць...

— Не магу ведаць, — сказаў Зэф. — Паводле прысуду, ня маю права выступаць у прафэсійнай якасьці.

— Я разумею, — сказаў пан ротмістр. — Усё гэта правільна. Хвалю. Але-е...

Зэф, вытрашчыўшы блакітныя вочкі, стаяў па стойцы «зважай». Пан жа ротмістр знаходзіўся ў відавочным замяшаньні. Гай добра разумеў яго. Выпадак быў важны, дзяржаўны. (Раптам гэты дзікун усё ж ткі шпіён). А пан штаб-лекар Зогу, вядома, выдатны гвардзеец, бліскучы гвардзеец, але ўсяго толькі штаб-лекар. У той час як рудае хайло Зэф, да таго як упасьці ў злачынства, выдатна ведаў сваю справу і нават быў вялікай знакамітасьцю. Але яго таксама можна зразумець. Кожнаму, нават злачынцу, нават злачынцу, што ўсьвядоміў сваё злачынства, хочацца ўсё ж ткі жыць. А закон да сьмяротнікаў бязьлітасны: найменшае парушэньне — і сьмяротнае пакараньне. На месцы. Інакш нельга, такі ўжо час, калі міласэрнасьць выходзіць жорсткасьцю, і толькі ў жорсткасьці заключаная сапраўдная міласэрнасьць. Закон бязьлітасны, але мудры.

— Ну, што ж, — сказаў пан ротмістр. — Нічога ня зробіш... Але па-чалавечы... — Ён спыніўся перад Зэфам. — Разумееце? Не прафэсійна, а па-чалавечы — вы сапраўды лічыце, што гэта вар’ят?

Зэф зноў памарудзіў.

— Па-чалавечы? — паўтарыў ён. — Ну вядома, па-чалавечы: чалавеку ж уласьціва памыляцца... Дык вось, па-чалавечы я схільны меркаваць, што гэта ярка выражаны выпадак раздвойваньня асобы з выцясьненьнем і замяшчэньнем праўдзівага «я» ўяўным «я». Па-чалавечы ж, зыходзячы з жыцьцёвага вопыту, я рэкамендаваў бы электрашок і флеазьмяшчальныя прэпараты.