Читать «Напісанае застаецца: Сучасная беларуская драматургія» онлайн - страница 101

Алесь Петрашкевіч

Амелія (усхвалявана). Альберт, аднак жа бацьку твайму і дзеду гэтыя крыжы і магілы не заміналі і не наводзілі жахлівых думак. Не раз яны, мусіць, калі заходзіла сонца, старанна маліліся там за душы сваіх продкаў, а пасля смерці і самі знайшлі спачын на гэтых могілках.

Альберт. Не лезь не ў сваё! Я ведаю, што раблю і смяюся з вашае дурноты: занадта вы ўважлівыя да тых, каго ўжо даўно няма на гэтым свеце. Ідзі лепш у свой пакой і чытай бязглуздыя кніжкі!

Амелія. Не ведаю, скуль узяў ты гэтую жахлівую задуму, але памятай, Альберт: Бог усё бачыць і чуе!

Пані Амелія, пакрыўджаная і ўсхваляваная, знікае за белымі дзвярыма.

Тамаш (разгублена). Ох, паночку, бязбожную справу задумалі вы ўчыніць: нельга нішчыць святыні кранаць тое месца, дзе спачывае прах нашых і вашых продкаў. Вялікі грэх бярэце на сваю душу!

Альберт. Парады тваёй не прашу! Слухай, што загадваю, і выконвай!

Заклапочаны Тамаш, пачухаўшы патыліцу, выходзіць. Пан Альберт накіроўваецца да дзвярэй, завешаных чорным мошастам, але, павагаўшыся, перадумвае і знікае ў сваіх пакоях. Пераканаўшыся, што нікога з гаспадароў няма, уваходзіць лёкай Карпа і пакаёўка Агапка з гітараю. Агапка сядае ў крэсла, грае на гітары і спявае, Карпа з іранічнай усмешкай на твары слухае песню.

Агапка.

Божа, ты ў працы вялікай шчыруеш — Лёсам, зямлёй і народам кіруеш; Слухай жа ўласнай жабрачкі прычыны — Беднай дзяўчыны. Хіба прашу я дажджу ці пагоды, Плодных палёў ці дзяржаўнае згоды? Што мне інтрыгі вайскоўцаў дасужых — Мне трэба мужа. Пан над панамі, прашу я ў Пана: Дай мне, каб хлопец, што мной пакаханы, Быў маёй радасцю, шчасцем і краскай — З панскае ласкі!

Карпа. Навошта, Агапка, прасіць мужа ў Бога, ці не лепш пашукаць яго побач з сабой на зямлі?

Агапка. Ах, зноў ты, Карпа, за сваё. Ну, сам падумай, які з цябе муж? Я — дзяўчына гожая, спраўная, калі прыходжу на кірмаш, і дудар для мяне ахвотней грае, і кожны з малойцаў лічыць за гонар са мной паскакаць. А ў цябе — ані грошай, ані ўласнае гаспадаркі, ні спадзяванняў на будучыню. Пашукаю я сабе лепш мужа багатага ды заможнага, не з прыслугі і не з сялян, а з месцічаў ды шляхты. А можа, і якому маладому, нефанабэрыстаму панічу прыпаду на вока, калі пашэнціць.

Карпа. Не, Агапка, трэба карыстацца часам, пакуль у жыцці вясна, пакуль маладое пачуццё робіць прыемнымі нашыя забавы.

Агапка. Вясна, лета і восень людскога жыцця маюць свае аздобы толькі тады, калі чалавек не ведае беднасці і мае чым задаволіць свае патрэбы і жаданні.